Рэпартаж: як прайшоў “Краснапольскі глечык” на Краснапольшчыне
Кажуць, калісьці хадзіў Сварог – заступнік сям’і і рамеснікаў, адзін з самых шанаваных славянскіх багоў, па зямлі з корабам, у якім няма ліку было ўсялякіх рамёстваў і промыслаў. Хадзіў ён па гарадах і вёсках і раздаваў людзям уменні: каму ганчарны промысел дастанецца, каму кавальскі, каму плотніцкі, каму ткацкі, альбо шавецкі…
І было радасна людзям, калі з’едуцца на кірмашы з усіх акруг: вырабы свае, хто, у што здатны, выстаўляюць на продаж ды абмен.
А вось на Краснапольшчыне прамашка, кажуць, у Бога выйшла. Запнуўся Сварог за камень, выпусціў кораб, і высыпалася з яго адразу мноства рамёстваў. Набеглі людзі, рамёствы парасхапалі, па хатах расцягнулі. Махнуў Сварог рукой: “Хай валодаюць ды працуюць. А я потым вярнуся ды праверу. Ці ўсё рамёствы захавалі ці паскуднічалі, лішку прыхапілі”.
І заквітнелі на Краснапольшчыне розныя промыслы і рамёствы: і ганчарства, і разьба па дрэве, і саломапляценне, і лазапляценне, і ткацтва, і талаш, пачалі рабіць гліняныя цацкі і многае іншае…
Праз час вярнуўся Сварог у Краснаполле праверыць: ці ўсе рамёствы захавалі краснапальчане? Лічыў, лічыў, ды недалічыўся.
Раззлаваўся ён на нядбайных краснапальчан і павялеў правадзіць штогод на Краснапольшчыне фестываль народных промыслаў і раместваў, і запрашаць на яго ўсе рамёствы, якія існуюць на свеце.
З тога часу, тут, на месцы старадаўніх паселішчаў, у так званым “салаўіным кутку” Беларусі, на радзіме майстроў пяра, сцэны, мастацтваў, штогод адбываецца рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў “Краснапольскі глечык”.
VII рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў “Краснапольскі глечык” адбыўся на Краснапольшчыне 24 жніўня 2024 года. Менавіта сам Бог Сварог адкрыў ў гэтым годзе свята. З’ехаліся на яго майстры з Касцковіцкага, Чэрыкаўскага, Слаўгарадскага раёнаў, майстры з г. Крычава і Магілёва, а таксама майстры і рамеснікі з Краснапольскага раёна.
Пачаўся фестываль з практычнай канферэнцыі “Практыкі захавання і развіцця традыцыйнай народнай творчасці”, ў ходзе якой абмярковываліся праблемы захавання, вывучэння і папулярызацыі традыцыйнай культуры, адаптацыі народных промыслаў і рамёстваў у сучасным свеце, вопыт фарміравання інтэрэсу маладога пакалення да народных рамёстваў, новыя формы выражэння і функцыянальнага прымянення традыцыйных рамёстваў.
На працягу фестываля майстры прымалі ўдзел у дзвух конкурсах: “Незабытыя рамествы” і “Рамествы у фармаце сучаснасці”. У краснапальчан і гасцей была цудоўная магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах, дзе сапраўдныя майстры раскрылі свае сакрэты, і сваімі вачыма убачыць, як з простага матэрыалу нараджаюцца шэдэўры.
Таксама удзельнікі і госці фестывалю пазнаёміліся з вырабамі промыслаў і рамёстваў, якія маюць не толькі практычнае значэнне. Каб абараніць сябе і гаспадарку ад небяспекі, у старадаўнасці людзям прыходзілася звяртацца да магічных сіл. Для гэтага нашы продкі стваралі абярэгі. Яны абаранялі свайго ўладальніка ад хваробаў, бедаў ды сурокаў. Абярэгі вырабляліся з гліны, костак, металу, драўніны ды іншых матэрыялаў, якія былі даступныя чалавеку.
Перад глядачамі адбылася тэатралізаваная кампазіцыя ў якой былі прадстаўлены калекцыі саламяных павукоў-абярэгаў; свістуляк; славянскі абярэг і сімвал поспеху – падкова; гаршчкі, якія спрадвеку лічыліся ў славян магутным абярэгам; лялькі-абярэгі, якія служылі ад сурокаў, дурнога вока; беларускі нацыянальны касцюм, які быў заўсёды шчодра аздоблены арнаментам, а ў кожны арнамент ўкладваўся пэўны сэнс; ручнік – галоўны абярэг чалавека ад нараджэння да смерці; а таксама каравай, пірог у выглядзе сонца, які заўсёды быў рытуальным пірагом для славян.
Харэаграфічны калектыў “AZART”, танцавальны калектыў Краснапольскага раённага Цэнтра культуры, народны ансамбль народнай песні “Шчадрэц”, народны вакальны ансамбль “Краснапольская субацея” падарылі удзельнікам і гасцям фестываля сваю творчасць.
У завяршэнні фестываля падведзены вынікі конкурсаў. У конкурсе работ, выкананых у традыцыйых тэхніках “Незабытыя рамёствы” дыпломам I ступені адзначана член саюза майстроў народнай творчасці, майстар мастацкіх рамёстваў з г.Слаўгарада Ксенія Самкнулава. Гран-пры ў гэтым конкурсе дастаўся майстру разьбы па дрэве, народнаму майстру Беларусі краснапольчаніну Андрэю Ганчарэнка. Таксама гран-пры была ўдастоена народны майстар Рэспублікі Беларусь з г.Касцюковічы Валянціна Волкава.
У конкурсе работ, выкананых у сучасных тэхніках “Рамествы ў фармаце сучаснасці” пераможцам стала майстар народных мастацкіх рамёстваў з Чэрыкаўскага раёна Наталля Ляшко. Удзельнікі фестывалю, пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта, каштоўнымі падарункамі і сувенірамі, вырабленымі майстрамі раённага Дома рамёстваў.
Нам, беларусам, засталася багатая і невычэрпная спадчына, у тым ліку і народнае мастацтва – адно з самых традыцыйных відаў нацыянальнай культуры. У народным дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ўвасобілася неабдымная, вечна жывая душа народа, яго багаты, назапашаны стагоддзямі практычны вопыт і эстэтычны густ.
Святлана Сазонава, метадыст метадычнага аддзела РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”