«Рыцарскі фэст» у Мсціславе
Праграма фэсту была багатай на мерапрыемствы.
Адкрыццю свята папярэднічала ўрачыстае пахаванне рэшткаў рыцара, знойдзеных археолагамі каля ракі Віхры.
У межах свята прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Канцэпт святасці ў гістарычным аспекце», у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі праваслаўнай царквы з Беларусі, Расіі, Украіны і Балгарыі.
Таксама арганізатары «Рыцарскага фэсту» прапанавалі ўсім жадаючым прыняць удзел у экскурсіях па гістарычных месцах Мсціслаўскага раёна, убачыць прадстаўленні батлеечных тэатраў і лялечных мініяцюр «Сярэднявечныя містэрыі», набыць сувеніры і падарункі ў «Горадзе майстроў», наведаць выставы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, а таксама пасачыць за забегамі вясёлых парсючкоў і сапраўдных мадагаскарскіх тараканаў!
Але, безумоўна, галоўнай падзеяй свята традыцыйна былі і застаюцца рыцарскія турніры. Сёлетні фэст у Мсціславе сабраў клубы гістарычнай рэканструкцыі з Мінска, Полацка, Барысава, Салігорска, Гродна, Магілёва, Смаленска. Удзельнікі клубаў змясціліся ў вялікім паходным лагеры, які стаў, бадай, самым папулярным месцам сярод наведвальнікаў: гледачы з задавальненнем гулялі паміж рыцарскіх шатроў і фатаграфаваліся на фоне сярэднявечных інсталляцый.
У першы дзень фэсту конна-гістарычны клуб «Золотая шпора» прадставіў увазе гледачоў конны турнір, следам спаборнічалі ў трапнасці лучнікі і мечнікі, а пасля быў праведзены «турнір пяцёрак». Таксама ў межах свята адбыўся штурм замка і «бітва дзвюх армій». Адважных рыцараў падтрымлівалі іх пекныя панны, між якімі разгарнуўся негалосны чэмпіянат па сярэднявечнай модзе: сукенкі, пашытыя з дасціпным выкананнем усіх традыцый эпохі, захаплялі гледачоў не меней, чым рыцарскія даспехі ваяроў.
Трэба зазначыць, што музыка не змаўкала на Замкавай гары на працягу ўсяго свята. Гасцям і ўдзельнікам фэсту свае творчыя праграмы прадставілі калектывы «Млын Сонца», «Фламмея», «PAWA», «Irdorath», «Фрам», «Форд Вейт», «Літы талер». Таксама гледачоў, якія завіталі на фэст, чакалі майстар-клас па сярэднявечных танцах і фаер-шоу з удзелам гуртоў «Маори», «Элементаль» і «Яварына». Сярэднявечная «дыскатэка» доўжылася ўсю ноч, амаль да самай раніцы, а на наступны дзень свята працягнулася з новым запалам.
«Рыцарскі фэст» стаў адной з самых яркіх і запамінальных культурных падзей гэтага лета на Магілёўшчыне. Бясспрэчна, фэсту яшчэ ёсць куды расці і чым здзіўляць сваіх прыхільнікаў.
Мсціслаў ізноў будзе чакаць гасцей – у наступным годзе!
Алёна Беланожка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.