СА СТАГОДДЗЯ Ў СТАГОДДЗЕ
НЕЎМІРУЧАЯ СПАДЧЫНА ПРОДКАЎ
Са стагоддзя ў стагоддзе перадаецца неўміручая спадчына продкаў, традыцыйная культура нашага народа. Яна з’яўляецца найвялікшым духоўным нацыянальным скарбам. У традыцыйнай культуры, у яе фальклоры – наш код, культурная памяць нашых продкаў, голас роднай зямлі.
Значны ўнёсак у захаванне і перадачу новым пакаленням народнай спадчыны робяць культурныя ўстановы. Фестывалі і конкурсы, якія ладзяцца іх намаганнямі, – эфектыўны сродак папулярызацыі лепшых культурных здабыткаў, стымуляванне да творчасці носьбітаў і пераемнікаў традыцыйнай культуры, шлях да сваіх каранёў.
КОНКУРС “СА СТАГОДДЗЯ Ў СТАГОДДЗЕ”
“Са стагоддзя ў стагоддзе” – так называецца рэгіянальны конкурс ансамблей фальклорнай і народнай песні ў Чэрыкаўскім раёне. Ён прымеркаваны да свята, якое звязана са старадаўнім абрадам “Бразгун”. Абрад унесен у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. У цэнтры ўвагі абраду – ікона Пятра і Паўла, а яшчэ – асвячэнне вады ў крыніцы з той жа назвай “Бразгун”. У маляўнічым месцы непадалёк ад вёскі Баркі, дзе бруіць крыніца з жыватворнай вадой, і праводзіцца названы конкурс.
АНСАМБЛЬ НАРОДНАЙ ПЕСНІ “СПАДЧЫНА” – ПРЫХІЛЬНІК МАТЧЫНАЙ ПЕСНІ І ГОНАР КРАСНАПОЛЬШЧЫНЫ
У конкурсе “Са стагоддзя ў стагоддзе” зноў прыняў удзел ансамбль народнай песні “Спадчына” Пачапоўскага СДК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”. У мінулым годзе ён таксама быў удзельнікам гэтага конкурсу, дзе атрымаў дыплом 1 ступені ў намінацыі “Ансамблі народнай песні”. У гэтым годзе калектыў выступіў у намінацыі “Ансамблі фальклорнай песні” з творамі “Ой, арол мой” і “Як сарву я красну розу”, якія выконваў “а капэла”.
Чысціня, палётнасць галасоў вясковых спявачак, іх натуральныя этна строі адзення уразілі членаў журы і прыхільнікаў матчынай песні, якія сабраліся на свята. Скарбонка ўзнагарод ансамбля “Спадчына” папоўнілася дыпломам I ступені. А яшчэ пераможцы конкурсу атрымлівалі каштоўныя падарункі. Ансамбль “Спадчына” атрымаў мікравалновую печ.
“А што ж вы хацелі?! Год якасці на календары – мы абавязаны добра і якасна спяваць!” – як заўсёды эмацыянальна канстатуе старэйшая ўдзельніца ансамбля Ніна Яцутка, якой хутка споўніцца 80 гадоў. У якасці яе спявання сумнявацца не прыходзіцца. У фальклорных спевах яна адчувае сябе ў найлепшым для яе душы асяроддзі – з песняй звязана ўсё яе жыццё. І калектыву “Спадчына” пашанцавала – крыніца фальклорных песень у памяці Ніны Фядосаўны невычэрпная, толькі бяры. І калектыў гэта робіць – пераймае ў спадчыну песенныя жамчужыны фальклору. А яшчэ гэты калектыў рыхтуецца да набыцця наймення “народны”, якое надаецца рашэннем міністэрства культуры.
“У гэтым годзе ансамблю “Спадчына” спаўняецца 30 гадоў. За плачыма – паспяховы творчы шлях, напоўнены перайманнем фальклорнай спадчыны, папулярызацыяй традыцыйнай культуры праз шматлікія канцэрты, творчыя вандроўкі удзел у рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных культурных падзеях. Захоўваць народную спадчыну – не толькі наш абавязак. Гэта яшчэ і гонар, і асалода для душы. Наша новае творчае дасягненне – дыплом I ступені рэгіянальнага конкурсу “Са стагоддзя ў стагоддзе” – лічым своечасовым падарункам Краснапольскаму раёну, які 17 ліпеня адзначае 100-годдзе з дня яго стварэння”, – дзеліцца кіраўнік ансамбля “Спадчына Л. Я. Каратцова.
ХВІЛІНЫ ХАРАСТВА АД СУСТРЭЧЫ З НАРОДНАЙ ПЕСНЯЙ
У якасці метадыста па традыцыйнай культуры мной было забяспечана суправаджэнне ансамбля “Спадчына” у конкурсе. Пашчасціла прагледзіць і праслухаць усе ансамблі, якія прынялі ўдзел у гэтым конкурсе.
Думаю, не адной мне конкурс падарыў хвіліны ўнутранай гармоніі і з прыродным наваколлем, і з гэтымі апантанымі творчасцю спевакамі з розных куткоў рэгіёна, і з неўміручым голасам роднай матчынай песні, у якой мудрасць пакаленняў і хараство народнай культуры, якая жыла і будзе жыць і пераходзіць са стагоддзя ў стагоддзе.
А арганізатарам конкурсу – вялікі дзякуй за іх імпэт і намаганні ў справе захавання і папулярызацыі народнай спадчыны, за стварэнне ўмоў яднання творчых сіл рэгіёна вакол культурных каштоўнасцяў.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”