Сельскагаспадарчы кірмаш “Восеньскі кірмаш завітаў у горад наш” прайшоў у Быхаве

17 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы ў Быхаве прайшоў сельскагаспадарчы кірмаш пад назвай “Восеньскі кірмаш завітаў у горад наш”.
Усе быхаўчане добра працавалі, натхнёна, рупліва ўраджай здабывалі. Таму ў гэты дзень усім працаўнікам сельскай гаспадаркі выразілі шчырую падзяку і пашану, за тое, што корміць нас, гараджан, смачной і, галоўнае, вельмі карыснай ежай.
Усіх быхаўчан запрасілі павесяліцца разам, паспяваць, патанчыць, але галоўнае – набыць неабходныя прадукты, тое, што было з любоўю вырашчана на палях роднай Быхаўшчыны.
На кірмашы сваю прадукцыю прадставілі працаўнікі гаспадарак “Навабыхаўскі”, “Валадарскі”, “Вараніно”, “Абідавічы”, “філіял “Максанскі”. А набыць добрыя саджанцы, а таксама смачную садавіну і гародніну, можна было яшчэ і ў нашых гасцей – Гомельскай абласной сельскагаспадарчай вопытнай станцыі.
На кірмашы спявалі народны фальклорны калектыў “Багатуха” Быхаўскага РЦК, народны калектыў папулярнай музыкі і песні “Дняпроўскія зоры” ЦКНТ і Р, калектыў Дома дзіцячай творчасці.

Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”