Семінар для спецыялістаў рэгіянальных метадычных служб клубных устаноў вобласці прайшоў на Дрыбіншчыне
Дрыбіншчына падзялілася сваім досведам па захаванні культуры і традыцый края, яе актуалізацыі ў сучасным грамадстве. Трэба адзначыць, што Дрыбінскі раён (самы, дарэчы, малады раён Магілёўскай вобласці) займае адно з вядучых месцаў у гэтым накірунку дзейнасці. Рэгіён мае два аб’екты, унесеных у рэспубліканскі спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей: рамяство дрыбінскіх шапавалаў-катрушнікаў, якое знаходзілася на мяжы знікнення, але было адроджана, і тэхналогія пляцення лапцей вёскі Кароўчына. Згаданыя аб’екты з’яўляюцца «візітнай карткай» раёна. Менавіта яны ляглі ў аснову рэгіянальнага фестывалю народнай творчасці, народных промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі», прэзентацыя якога, нарoўне з прэзентацыяй праекта «Жывыя носьбіты традыцыйнай культуры», адбылася ў межах семінара.
Госці края пазнаёміліся з арганізацыяй дзейнасці Дрыбінскага раённага Цэнтра культуры, а таксама з гісторыяй края – падчас экскурсіі ў Дрыбінскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей, дзе ўдзельнікам семінара прадставілася магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі шапавалаў, убачыць традыцыйныя строі і вышыўкі рэгіёна, прылады працы і быту.
Спецыялісты клубных устаноў вобласці наведалі аграгарадок Кароўчына, дзе пазнаёміліся з дзейнасцю мясцовых устаноў культуры: Дома рамёстваў і сельскага Дома культуры.
Кароўчынскі Дом рамёстваў уразіў гасцей багатай экспазіцыяй, на якой былі прадстаўлены самыя разнастайныя вырабы: тут можна было ўбачыць не толькі знакамітыя кароўчынскія лапці, але і арыгінальныя вырабы з саломкі, паперы, прыродных матэрыялаў, выставу работ майстрыцы па карункапляценні Чорненькай Валянціны Афанасьеўны, тэкстыльных лялек. Усе жадаючыя ўзялі ўрокі па пляценні лапцей і саломапляценні ў кароўчынскіх майстрыц, а на-пры канцы сустрэчы кожны госць Дома рамёстваў атрымаў падарункі: мініяцюрныя лапцікі, якія абавязкова прывядуць у дом шчасце і дабрабыт.
У Кароўчынскім сельскім Доме культуры удзельнікаў заняткаў чакалі паказальныя выступленні і майстар-клас па танцах і ігры на народных шумавых інструментах ад народнага ансамбля бытавога танца «Вытокі», а таксама фрагмент забаўляльнай праграмы «Шапавальскія пацехі». Госці Дрыбіншчыны спаборнічалі ў трапнасці, запускаючы валёнкі ў мех, і загадвалі жаданні, сярод якіх гучала: «Няхай нашыя сустрэчы праходзяць часцей і гэтак жа насычана ды весела!»
Пры падвядзенні вынікаў семінара яго ўдзельнікі адзначылі змястоўнасць і высокі ўзровень падрыхтоўкі прэзентацыйных формаў досведу, які быў прадстаўлены, сістэмнаць работы устаноў культуры Дрыбіншчыны і іх узаемасувязь у рабоце па захаванні культурных каштоўнасцей края.






















Алёна Беланожка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы