Семінар-практыкум «Далучэнне да вялікага этнасу праз захаванне абраднасці і народных святаў» адбыўся 8 лістапада ў РЦК ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна»
Семінар-практыкум «Далучэнне да вялікага этнасу праз захаванне абраднасці і народных святаў» адбыўся 8 лістапада ў РЦК ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна».
Дадзены семінар у асноўным падводзіў вынікі метадычнай вучобы кадраў і творчай дзейнасці клубных устаноў па традыцыйнай культуры за 2018 год.
На семінары былі падведзены вынікі доўгатэрміновых конкурсаў, якія на працягу года давалі магчымасць клубным работнікам вывучаць вопыт калег, абменьвацца ім і ажыццяўляць уласны творчы рост і развіццё калектываў, бо конкурсы праходзілі ў рэжыме ўзаеманаведвання і адкрытых праглядаў.
Конкурсы адбыліся наступныя:
- абрадавых праграм «Фальклорны жыццявір»;
- папулярызацыі рамёстваў і ДПМ «Жывое дрэва рамяства»;
- экспедыцыйнай дзейнасці «А наша вандроўка па сёлах»;
- сцэнарных распрацовак па папулярызацыі фальклорнай песні «Песня маці і сёння жыве».
Амаль усе гэтыя конкурсы былі арыентаваны на актывізацыю пошукава-даследчай дзейнасці па вывучэнню традыцыйнай лакальнай культуры, па яе засваенню; арыентаваны на актуалізацыю і папулярызацыю фальклорнай спадчыны сярод насельніцтва; на стымуляванне інтарэсу падрастаючага пакалення да творчага самавыяўлення; на стымуляванне клубных работнікаў да засваення і пошуку шляхоў і тэхналогій развіцця рамёстваў і ДПМ.
Яшчэ адной мэтай конкурсаў было стварэнне па іх выніках «капілкі» метадычных і сцэнарных матэрыялаў, якія традыцыйна ўдзельнікі конкурсу атрымліваюць у карыстанне.
Такія і іншыя матэрыялы па тэме семінара, станоўчых знаходках і праблемах былі прэзентаваны кіраўніком семінара праз выстаўку «Этнакаларыт роднага краю і яго захаванне» і прапановы клубным установам для карыстання ў практыцы работы.
У ходзе конкурсных праглядаў клубнымі ўстановамі былі прадстаўлены абрадавыя фальклорныя праграмы, сярод якіх «Пасха і пасхальнае валачобніцтва» (Тур’яўскі СДК), «Тройца» (Яноўскі СДК), «Сватанне» (Горскі СДК), Яблачны спас» (Казельскі СК), «Багач» (Ленінскі СДК), «Жаніцьба коміна» (Халмянскі СДК), «Чэсць» (Сідараўскі і Пачапоўскі СДК).
У ходзе конкурсу «Жывое дрэва рамяства» былі прадстаўлены майстар-класы, адкрытыя заняткі клубных фарміраванняў, прэзентаваны выстаўкі рамесных вырабаў і ДПМ.
Конкурс «А наша вандроўка па сёлах» уключыў канкурсантаў не толькі ў пошукавую дзейнасць, але і ў дзейнасць па засваенню і папулярызацыі вынікаў экспедыцый у самых розных формах: творчую прэзентацыю вынікаў, артыкулы ў СМІ, метадычныя справаздачы па экспедыцыі, мастацкія творы і інш.
У тэарэтычна-аналітычнай частцы семінара былі заслуханы аналітычныя даведкі па выніках конкурсаў, якія прадставіла метадыст па традыцыйнай культуры і кіраўнік семінара Валянціна Марчанка, зроблена «работа над памылкамі», якія былі выяўлены ў ходзе конкурсаў. Дадаткова патрабавалася абмеркаванне пытанняў, сярод якіх «Вызначальныя рысы фальклору і ступені яго засваення аматарскімі калектывамі», «Вывучэнне мясцовых мастацкіх традыцый – неабходны элемент у працэсе далучэння да фальклору», «Крыніцы фарміравання рэпертуару аматарскіх калектываў», «Афармленне вынікаў фальклорна-этнаграфічных экспедыцый».
Вопытам работы на семінары падзяліліся Горскі і Тур’яўскі СДК (Гомарава В.І., Трыфаненка А.С.).
Пераможцы конкурсаў атрымалі дыпломы розных ступеняў і ў розных намінацыях, якія ўручыў дырэктар ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна» Юрый Падалякін. Асабліва калегі парадаваліся за значны рост прафесійнага ўзроўню клубных работнікаў Ленінскага, Яноўскага, Горскага СДК.
Практычная частка семінара-практыкума ўключала майстар-класы па аўтэнтычных спевах, па засваенню беларускіх гульняў і рэканструкцыю фрагмента абрадавай праграмы.
У час правядзення рэфлексіі семінара-практыкума і праведзеных конкурсаў ад яго ўдзельнікаў можна было пачуць, што такія формы метадычнай вучобы актуальны, неабходны, узнімаюць прафесійны ўзровень, стымулююць да дзейнасці ў справе захавання этнакаларыту малой радзімы, стварэння і ўзмацнення іміджу культурных устаноў, папулярызацыі творчых здабыткаў і ўвядзення фальклорнай спадчыны ў сучаснае жыццё.
Марчанка В.А., метадыст па традыцыйнай культуры РЦК ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна»