Семінар-практыкум па выцінанцы прайшоў у абласным цэнтры народнай творчасці
16 лютага ў анлайн-фармаце прайшоў семінар-практыкум “Пасхальная віншавальная паштоўка” для майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Бялыніцкага, Быхаўскага, Глускага, Горацкага, Клімавіцкага, Клічаўскага, Кіраўскага, Касцюковіцкага, Крычаўскага раёнаў.
Арганізатарам семінара-практыкума стала ўстанова культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.
Правяла семінар-практыкум Бярнадская Наталля Мікалаеўна, член Міжнароднага клуба “Папяровыя традыцыі”, ГА “Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці”, народны майстар выцінанкі, стэпендыят Прэзідэнтскага Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі “Таленты Беларусі”, настаўнік вышэйшай катэгорыі ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г.Крычава”.
Выцінанка – адзін з традыцыйных відаў рамяства на Магілёўшчыне, які быў распаўсюджаны ў перад ваенныя, і асабліва у пасляваенныя гады. З цягам часу рамяство выцінанкі пачало знікаць і забывацца. Адраджэннем гэтага цікавага і захапляльнага рамяства займаюцца маладыя майстры Магілёўскай вобласці, адным з каторых і з’яўляецца Наталля Бярнадская.
Сярод беларускіх майстроў выцінанкі Наталля Бярнадская займае асаблівае месца. Яна з’яўляецца вядучым майстрам выцінанкі Магілёўскай вобласці, пастаянна працуе над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства. Традыцыйнае рамяство выцінанкі знайшло новае адлюстраванне ў кожнай рабоце майстрыхі. Распрацаваныя яе рукамі станковыя творы і віншавальныя паштоўкі дэманструюць традыцыйны характар выцінанкі, творча пераасэнсаваныя і дэкаратыўна ўзбагачаныя, з улікам сучасных павеваў.
Яшчэ ў 2021 годзе элементу «Беларускае мастацтва выцінанкі» на тэрыторыі Магілёўскай вобласці (гг.Бабруйск, Горкі, Крычаў, Магілёў) быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Таму ў 2022 годзе Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы запланаваны цэлы цыкл мерапрыемстваў, прысвечаны гэтаму віду творчасці. Семінар-практыкум “Пасхальная віншавальная паштоўка” даў старт запланаваных мерапрыемстваў.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”