Што ў Піліпаўку спрадзеш, то да Вялікадня сатчэш!

27 лістапада, у апошні дзень перад Піліпаўскім пастом, народны ансамбль народнай песні «Вяскоўцы» Дужаўскага сельскага Дома народнай творчасці Чавускага раёна завітаў да сваёй удзельніцы Надзеі Сініцынай у госці, каб адсвяткаваць «Піліпаўскія запусты». Удзельнікі папрасілі дазволу зачыніць «хэйдар» (так раней называліся «Вечарыны» ці «Супрадкі» на Дужаўцы).

У гэты час, які раней яшчэ меў назву «Загавіны», калі яшчэ можна павесяліцца, добра пагуляць і пачаставацца ўсялякімі стравамі да пасту, жанчынкі збіраюцца па зговару ў хаце. Яны прыносяць туды свае прылады для працы: абавязкова кудзелю, прасніцу ці калаўрот, верацёнцы і іншае, дзе потым увесь пост, які пачынаецца з 28 лістапада і заканчваецца Калядамі, будуць працаваць. Бо, як кажуць у Дужаўцы «Што ў Піліпаўку спрадзеш, то да Вялікадня сатчэш».
Жанчыны і дзяўчыны выкарыстоўвалі гэты час для прадзіва нітак з лёну і воўны. Таксама неабходзіліся і без цікавага часуправядзення. На такія «вечарыны» («супрадкі») таксама заходзілі і хлопцы, якія прыглядаліся да стараннай працы будучых нявест. Таму і прыходзіць на «супрадкі» дзяўчатам прадшлюбнага ўзросту было вельмі важна.

А ў апошні дзень, напярэдадні пасту, усе ўдзельнікі абрадавай праграмы спявалі песні, прыпеўкі, танчылі пабытовыя танцы разам з падлеткамі, частаваліся, весяліліся ды гулялі да самой цемры. А калі прыйшоў час развітвацца, гаспадыня запрасіла ўсіх на заўтра на «хэйдар», калі ўжо пачнецца пост.

Алеся Далецкая, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў РЦК і вольнага часу ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна”