Шырока адсвяткавалі Калядныя гулянні ў Касцюковіцкім раёне
На працягу двух тыдняў супрацоўнікамі клубных устаноў культуры Касцюковіцкага раёна ладзіліся калядныя вячоркі ў адпаведнасці са старадаўнімі народнымі традыцыямі.
Абрадавыя дзеянні праводзіліся не толькі на базах дамоў культуры ці клубаў, але і з выхадам па суседніх хатах і кватэрах. Традыцыйныя калядныя персанажы, такія, як Баба з Дзедам, Каза, Мядзведзь, Цыгане, Скамарохі не проста пацешылі народ, але і з усёй сур’ёзнасцю падыйшлі да галоўнага святочнага звычая: выканалі ўласцівыя абрадавыя песні, запісаныя ў выніку экспедыцый па збору фальклорных твораў у мясцовых носьбітаў, правялі калядную варажбу – абрадавае дзеянне, якое з’яўляецца адметнай часткай народнай культуры беларусаў. І самае галоўнае – гэта пажаданні шчодрым гаспадарам у калядны вечар. Бо лічыцца, што ўсе пажаданні калядоўшчыкаў абавязкова збудуцца, вядома, калі гаспадары на адарванне не прагныя.
18 студзеня, у апошні дзень Калядак, каманда калядоўшчыкаў раённага Цэнтра культуры таксама падарыла святочны настрой ўдзельнікам клуба ветэранаў «Полымя» і работнікам суседняга швейнага цэха. Спачатку калядоўшчыкі нечакана завіталі на пасяджэнне клуба, дзе разгарнулася сапраўднае каляднае гулянне. Потым пад звонкі гармонік усе накіраваліся да суседняга аб’екта. Майстрыцы швейнага цэха атрымалі магчымасць не толькі трошкі адпачыць, але і акунуцца ў атмасферу сапраўднай традыцыйнай народнай весялосці.
Наталля Дробышава, намеснік дырэктара Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна