Смутак даўжынёю ў 80 гадоў
22 сакавіка 2023 года спаўняецца 80 гадоў з трагічнай даты – спалення разам з мірнымі жыхарамі беларускай вёскі Хатынь. Сёння гэта назва маланаселенага пункта, сцёртага з аблічча зямлі фашысцкімі карнікамі, ведае ўвесь свет. І хацелася б сказаць, што ўвесь свет смуткуе разам з беларускім народам, але гэта, на жаль, не так. Ёсць краіны, назвы якіх не хочацца лішні раз згадваць, бо яны і так ва ўсіх на слыху, у якіх фашызм ізноў падняў галаву і ізноў пагражае сусветнай супольнасці. А дзе-нідзе ўжо не пагражае, а дзейнічае.
Гэтая “чырвоная нітка”, якая адлюстроўвае рэальную рэчаіснасць, праймала выступленні ўсіх выступоўцаў на мітынгу памяці, прысвечаным Хатынскай трагедыі, які прайшоў у сераду ў Хоцімску каля брацкай магілы воінам, якія загінулі пры вызваленні гарадскога пасёлка. Гарадскі сквер, які даўно стаў святым месцам для ўсіх жыхароў Хоцімшчыны, абвясцілі гукі рэквіема па ўсіх нявінна загінуўшых мірных жыхарах Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, па ўсіх спаленых вёсках і пасёлках. Да мікрафона выйшлі старшыня Хоцімскага выканаўчага камітэта Міхаіл Куксянкоў, начальнік адасобленай групы (Хоцімскага раёна) ваеннага камісарыята Клімавіцкага і Хоцімскага раёнаў, маёр Вадзім Белавусаў, настаяцель Свята-Троіцкага сабора айцец Павел, першы сакратар Хоцімскага раённага камітэта Вольга Рэусава. Сярод гасцей прысутнічалі прадстаўнік ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, лейтэнант Вадзім Зайцаў, старшы інжынер батарэі радыёлакацыйнай разведкі зенітна-ракетнага комплексу С300, а таксама старшыня Хоцімскага раённага Савета дэпутатаў Яўген Нікалаенка, намеснікі старшыні райвыканкама, начальнікі упраўленняў і ўстаноў, навучэнцы школ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
Недапушчэнне паўтарэння жудасных падзей васьмідзесяцігадовай даўнасці, зацвярджэнне ідэй вечнага міру і вечнай памяці – сталі яшчэ адной асноўнай тэмай усіх выступаў. Візуальным выразам гэтых ідэй стала музычна-харэаграфічная кампазіцыя “Дзеці вайны”, прадстаўленая на мітынгу дзецьмі і артыстамі Хоцімскага раённага Цэнтра культуры. Было заўважна, як многія прысутныя з цяжкасцю стрымлівалі слёзы.
У сэрцы кожнага беларуса і праз восемдзесят гадоў працягвае тлець вугалёк ад Хатынскага пажарышча. Беларускі народ аднойчы сілай свайго духу здолеў раздзьмуць з гэтага вугольчыка полымя Вечнага агню Перамогі, зламаўшы ў агульнай сям’і савецкіх народаў хрыбет фашызму. Беларусь памятае пра гэта. І беражэ ў сэрцы сваім “хатынскі вугалёк”.
Аляксандр Александрын, метадыст РЦК ГУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Хоцімскага раёна»