СВАЕ РОДНЫЯ ПЕСНІ СПЯВАЕМ
Новых поспехаў у Міжнародным творчым конкурсе “Востраў талентаў” дасягнуў народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” Горскага СДК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”. Ён стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі “Тэатральнае мастацтва”, у якой прадставіў фрагмент абрадавай фальклорнай пастаноўкі, і лаўрэатам II ступені ў намінацыі “Народны вакал”. У гэтай жа намінацыі лаўрэатам I ступені стала салістка ансамбля, яго кіраўнік, Валянціна Марчанка.
Свой поспех “Горскія харашухі” прысвяцілі Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Году гістарычнай памяці.
Год гістарычнай памяці вяртае нас да вытокаў, да сваіх каранёў, прадастаўляе магчымасць прадэманстраваць дасягненні шматвяковай нацыянальнай культуры.
Увесь рэпертуар ансамбля “Горскія харашухі” – гэта скарбонка народнай фальклорнай спадчыны свайго рэгіёна. На працягу 33 гадоў фальклорныя творы збіраюцца і пераймаюцца з вуснаў у вусны ад жывых носьбітаў. За гэты час сабрана і засвоена больш за сотню ўнікальных і самабытных песенных жамчужын краснапольскага краю, адноўлена нямала абрадаў і зроблена на аснове экспедыцыйных збораў шмат абрадавых пастановак і сцэнічных замалёвак. Адным словам, адшукваюцца шляхі захавання традыцыі ў сучасных умовах, каб не згубіліся ўнікальныя фальклорныя скарбы роднай зямлі.
В. Аляксандрава, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”