СВАЁ ЛЮБІ ДА САМАЗАБЫЦЦЯ

ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна” вядзе сістэмную работу па захаванню і перадачы набыткаў народнай спадчыны падрастаючаму пакаленню. Работа гэта многагранная, яна ахоплівае спеўныя, рамесныя, абрадавыя традыцыі, родную мову і літаратуру.
Клубныя ўстановы станоўча ўспрынялі прапанову па падтрымцы рэспубліканскага праекта “Кожная пятніца – роднае, сваё”.
Многія культурныя мерапрыемствы былі накіраваны на папулярызацыю роднай спадчыны і яе жывога ўвасаблення ў сённяшнім дні.
Выстаўка-дайвінг “Энцыклапедыя вясковага жыцця” знаёміла наведвальнікаў філіяла “Яноўскі сельскга Дома культуры” з рукатворнымі кампазіцыямі, зробленымі з талашу. Сакрэты тэхналогій і ўласцівасцей гэтага расліннага матэрыялу добра ведае Людміла Крапіўніцкая, культарганізатар установы, і актыўна перадае ўсім жадаючым – праз заняткі ў клубным фарміраванні, праз майстар-класы і выстаўкі. А кампазіцыі з талашовых вырабаў – гэта сюжэты з жыцця вяскоўцаў, іх быту, абраднасці. Іх можна разглядаць гадзінамі, нібы чытаць адкрытую кнігу-энцыклапедыю.
Філіал “Ленінскі сельскі Дом культуры” прапанаваў сваім наведвальнікам выстаўку-лекцыю “Ад дзядоў і прадзедаў сакрэты перададзены”, якая знаёміла з асаблівасцямі ручнікоў, якіх у гэтай установе сабрана багатая калекцыя.
Традыцыя ткацтва паспяхова адраджаецца на базе філіяла “Пачапоўскі сельскі Дом культуры”. Гэтым рамяством захапляецца Наталля Паплыка, культарганізатар установы, і далучае да сакрэтаў ткацтва і мясцовых дзяцей, і сваіх калег.
У пятніцу Наталля Рыгораўна прапанавала наведвальнікам выстаўку сваіх тканых работ “Мы доўжым традыцыі продкаў”, дзе прадстаўлены яе тканыя дарожкі і ручнікі, а потым запрасіла на майстар-клас “У традыцыях продкаў”.
Выстаўку народных рамёстваў і ДПМ “Шляхамі народных традыцый” раённага Дома рамёстваў, аформленую ў Краснапольскім раённым Цэнтры культуры, наведалі клубныя работнікі сельскіх клубных устаноў і іншыя аматары рукатворнай прыгажосці. Выстаўка чакае новых гледачоў і працягне работу яшчэ два тыдні.
“Этнаграфічныя рэаліі бытавання народнага касцюма памежжа: краснапольскі строй” – з такой даследчай працай метадыст Краснапольскага раённага Цэнтра культуры Валянціна Марчанка прыняла ўдзел у V краязнаўчых чытаннях “Спадчына” памяці Л. В. Лабаноўскага, якія 24 красавіка ладзіла ДУК “Цэнтралізаваная бібліяятэчная сістэма Краснапольскага раёна”.
А яшчэ Валянціна Марчанка як кіраўнік народнага літаратурнага калектыву “Світанак” правяла ў гэты дзень паэтычную сустрэчу “На кроснах сэрца ткуцца вершы” з вучнямі УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія”.
Як бачым, культурныя ўстановы з любоўю і адказнасцю ставяцца да захавання і папулярызацыі культурных набыткаў роднай зямлі, якія, як сказаў паэт, трэба “любіць да самазабыцця”.

Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”