СВЕТ, САТКАНЫ ДУШОЙ
“Свет, сатканы душой”, – на такую тэму 15 снежня адбылася паэтычная сустрэча Валянціны Марчанка, кіраўніка народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” Краснапольскага РЦК, з наведвальнікамі аддзялення для пажылых людзей Краснапольскага РЦСАН. Сустрэча была прымеркавана да Года гістарычнай памяці.
Паэтка дзялілася сваімі думкамі і вершамі на тыя тэмы, якія яе хвалююць. Найперш, гэта тэма Радзімы, яе гістарычныя старонкі, тэма адзінства беларусаў, багатай культурнай спадчыны свайго народа, любові да малой радзімы.
Такія вершы, як “Мы разам”, “Беларусы будуць жыць”, “Кут свой беражыце”, “Жыву табой, мая Радзіма”, “Усё сваё, яно нас і яднае” і іншыя, выклікалі шчыры водгук слухачоў, жаданне падзяліцца сваімі думкамі.
Тэма малой радзімы кранальная для душы кожнага чалавека. Таму такія творы, як “На родине мне не уснуть”, “Кут мой родны”, “Дорогая земля”, “Где любишь ты кожную пядь” і іншыя прыйшліся па душы слухачоў, разбудзілі іх успаміны пра родныя мясціны і любоў да бацькоўскага кутка, якую чалавек праносіць праз усё жыццё.
Паэтка падзялілася сваімі творчымі набыткамі і марамі. У 2022 годзе былі выдадзены тры яе кнігі вершаў: “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”, “Перламутровые росы”, “Скрыпкі маёй душы”. За апошнія месяцы напісана шмат новых вершаў, якія, магчыма, у новым годзе стануць новай кнігай. А пакуль паэтка падарыла аддзяленню для наведвання пажылых людзей свае новыя творы, выдадзеныя ёй у форме брашур “Осенняя СТИХиЯ” і “Свет, сатканы душой”.
Загадчыца аддзялення С. С. Картузова выказала падзяку паэтцы, пажаданне творчых поспехаў і спадзяванне новых сустрэч.
В. Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”