Свята – кірмаш “Гусінае свята”
“Ой, гусі мае, гусі”
22 лютага 2014 года ў аграгарадку Белая Дуброва адбылося народнае свята – кірмаш “Гусінае свята”- адзінае ў сваём родзе святкаванне, якое праводзіцца толькі ў Касцюковіцкім раёне.
Насычаная праграма свята ўключала ў сябе гульні і конкурсы, абрадавыя і тэатралізаваныя дзеянні, выступленне калектываў мастацкай самадзейнасці раёна. Працавала выстаўка – продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Свежапрыгатаванай, гарачай юшкай частавалі ўсіх гасцей свята працаўнікі СПК “Белая Дуброва”. Тут жа пякліся румяныя бліны, жарыўся шашлык, праходзіўся бойкі гандаль смачнай выпечкай. Гасцінныя гаспадыні “Сялянскай хаты” накрылі багаты стол, на якім былі прадстаўлены традыцыйныя стравы беларускай кухні.
Але галоўнымі персанажамі “Гусінага свята” былі ўсё ж такі гусі. Укормленыя і крыклівыя гусакі і сціплыя гусыні сталі аб’ектамі ўсеагульнай увагі. Беладубраўскія артысы разыгралі сцэнку-конкурс пад назвай “Чый гусь лепшы”, на якім прадставілі сваіх хатніх птушак ва ўсёй красе. Перыядычна ў гаспадарчую спрэчку на конт гусінай перавагі ўмешваліся гучным гогатам самі аб’екты спрэчкі. Гэтакі гусіны экспромт вызваў усеагульнае захапленне і смех. Шмат гледачоў сабраў конкурс “Гусіныя забегі”, у якім галоўныя героі свята паказалі сябе сапраўднымі марафонцамі і заработалі для сваіх гаспадынь прызы і сувеніры. Таксама одбылося галоўнае абрадавае дзеянне свята “Абрад дзялення гуся”. Кожны жадаючы мог пачаставацца прыгатаванай у печы гусяцінай, ўзамен адорвая гаспадынь добрымі пажаданнямі. Другое блюда са смажаным гусём і па майстэрску зроблены бутафорскі гусь, пайшлі, як кажуць, “ з малатка” на аукцыёне “Купі гуся”.
Фінальным і вельмі відовішчным дзеяннем “Гусінага свята” стала “Кола шчасця”. Самыя актыўныя ўдзельнікі свята ўзялі ў рукі рознакаляровыя стужкі і ўтварылі вакол “Кола шчасця” вялікі карагод.
Наталля Дробышава
намеснік дырэктара
цэнтралізаванай клубнай
сістэмы Касцюковіцкага раёна
Фота Людмілы Смаляковай