Свята Купалле прайшло ў Бялынічах
Летняя ночка купальская – ноч, якая чаруе нас сваім паэтычным хараством, ноч, якая прываблівае сваімі легендамі, казкамі і паданнямі. У гэтую ноч серабрыстым люстэркам свецяцца рэкі, дрэвы пераходзяць з месца на месца, птушкі, звяры і расліны вядуць паміж сабою размовы. У гэту ноч сярод пушчаў, бароў і лясоў расцвітае дзіўнае цуда – папараць-кветка! Той, хто адшукае яе, знойдзе сваё шчасце, зможа разумець мову птушак і раслін, адшукаць клады, зарытыя пад зямлёй.
Сёння ў свяце Купалля перапляліся не толькі народныя і хрысціянскія традыцыі, але і сучасныя. Дзякуючы гэтаму народныя святы выклікаюць цікавасць у моладзі, атрымліваюць новае дыханне і працягваюць жыць.
У Бялынічах прайшло народнае свята Купалле, якое ладзілася ў парку адпачынку «Ліпавы гай». У пачатку работала радыё-газета, якая паведаміла пра асаблівасці святкавання Купалля, купальскія традыцыі і абрады. Затым купальскі гурт з купальскім «колам-сонцам» абыйшоў парк, запрашаючы ўсіх на свята.
Прадоўжылася свята канцэртнай тэатралізаванай праграмай, у якой выступілі салісты і творчыя калектывы раённага цэнтра культуры: Крысціна Вараб’ёва, Галіна Шчуракова, Юлія Мураўёва, Вольга Кандрацьева, Таццяна Семяністая, Вольга Шчацінка, Дзяніс Дзеравяшкін, Аляксандр Кавуноў, народныя вакальныя ансамблі «Колеры», «Славяне», «Бялыніца», народны тэатр мініацюр «Імпульс», узорны харэаграфічны калектыў «Созвездие» і харэаграфічны калектыў «Каскад» ДШМ.
Шмат бялынічан і гасцей горада завіталі на свята, каб паўдзельнічаць у народных гульнях, павадзіць карагоды, паглядзець тэатралізаваную канцэртную праграму, пагадаць на вяночках, падзівіцца на вогнішча і проста адпачыць ў гэты вечар са сваімі сем’ямі, знаёмымі і сябрамі.
Свята завяршылася маладзёжнай дыскатэкай, пасля заканчэння якой, напэўна, знайшліся смельчакі і накіраваліся на пошукі чароўнай папараць-кветкі.
Людміла Куранкова, метадыст РЦК ГУК «ЦКС Бялыніцкага раёна»