Свята «Першай баразны» адбылося ў Чавускім раёне
14 красавіка ў Чавускім раёне адбылося свята «Першай баразны» – земляробчы абрад распачынання веснавых работ.
Ушаноўваючы звычаі беларусаў, удзельнікі свята, кіраўнікі сельгасарганізацый высыпалі ў агульны кош зерне, прывезенае з сабой. Да гэтага насення было дададзена зерне з дажыначнага снапа ўраджая мінулага года.
Права першаму пачаць працу ў полі было вызначана выканаўчаму дырэктару ААТ «МірныАгра», на полі якога і адбывалася свята. Айцец Міхаіл, настаяцель Свята-Мікольскай благавіцкай царквы правёў малебен за багаты ўраджай.
Старшыня Чавускага раённага выканаўчага камітэта павіншаваў удзельнікаў свята з пачаткам пасяўной і пажадаў поспеху. Затым сімвалічнае права праверыць зямлю было прадстаўлена першаму намесніку старшыні Чавускага райвыканкама, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання.
Апранутыя ў народныя кашулі кіраўнікі сельгасарганізацый – сейбіты прайшлі па полю, кінулі зярняткі ў зямлю.
У выкананні народнага ансамбля народнай песні «Вяскоўцы» Дужаўскага сельскага дома народнай творчасці прагучалі веснавыя абрадавыя песні. Пасяўная ў раёне пачалася.
Таццяна Толсцік, заведуючы метадычным аддзелам РЦК і вольнага часу ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна»