Свята першай баразны «Будзем сеяць, беларусы» адзначылі 2 красавіка ў Быхаўскім раёне
Свята першай баразны, або засеўкі «Будзем сеяць, беларусы» адзначылі другога красавіка ў Быхаўскім раёне. Усё адбывалася ў полі Адкрытага акцыянернага таварыства «Новабыхаўскі». Хлебаробаў, а таксама кіраўнікоў гаспадарак павітаў старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Марціновыч.
Удзельнікі народнага фальклорнага гурта «Багатуха» уручылі кіраўнікам гаспадарак сімвалічныя мяшкі з зернем. Дзяўчаты праспявалі абрадавыя песні, каб поле прачнулася, зярняткі ляглі роўненька, усходы былі дружнымі. У гэты час араты зрабіў першую баразну плугам. Пасля таго як разаралі першую баразну, засеяць ніўку запрасілі галоўнага агранома гаспадаркі Васіля Цікавенка.
«Свята першай баразны, гэта свята працы, надзеі на будучы багаты ўраджай. Беларусы заўсёды пачыналі добрую справу з малітвай ад Бога. Таму і мы вырашылі не адступаць ад бацькоўскіх традыцый», – распавядае Васіль Цікавенка.
Настаяцель Свята-Троіцкага Храма пратаіерэй Мікалай словам Божым падтрымаў нашых сейбітаў. Ён акрапіў вадой тэхніку і механізатараў. Пад вясёлыя спевы трактарысты пачалі сяўбу.
Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела Дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна»