Свята першай баразны “Мы – зямлі, зямля – нам!” прайшло на Кіраўшчыне
2 сакавіка на Кіраўшчыне адбылося раённае свята першай баразны, якое дало старт сяўбе-2020, адказнай пары ў жыцці земляробаў і ўсіх, хто мае дачыненне да сялянскай працы і шчыра шануе яе.
Адбылося святочнае дзейства на палетках ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” каля в.Курганы. Сюды прыбылі старшыня райвыканкама Міхаіл Уладзіміравіч Гулы, яго першы намеснік – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Мікалаевіч Сухадольскі, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Іванавіч Віткоўскі, дэлегацыі гаспадарак раёна на чале з кіраўнікамі, госці.
На святочна ўпрыгожанай пляцоўцы дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах звонкай песняй уславілі старанную працу земляробаў. Прысутных вітаў старшыня райвыканкама. Міхаіл Уладзіміравіч павіншаваў усіх з пачаткам сяўбы і пажадаў плённай працы і багатага ўраджаю. Словы віншаванняў з пачаткам веснавых палявых работ адрасаваў аграрыям Віктар Іванавіч Віткоўскі, ён пажадаў кіраўчанам і ў будучыні не здаваць лідзіруючых пазіцый.
Блаславіў земляробаў і іх высакародную працу настаяцель Косма-Даміянаўскага храма аг.Любонічы іерэй Максім Кірэеў. Ганаровым гасцям свята, кіраўнікам сельгасарганізацый раёна былі паднесены духмяныя хлебныя караваі, як сімвал багацця і славы працаўнікоў Кіраўшчыны.
Дзяўчаты-вяснянкі паклалі на свежаўзараную раллю залацістыя вянкі з каласоў, завітых падчас леташняга жніва, каб новы ўраджай быў яшчэ больш багатым, а таксама ўтыкнулі ў глебу галінкі вярбы, якія згодна паданняў, павінны абараніць пасевы ад засухі, ліўняў і маланкі. Ганаровае права пакласці першыя зярняткі ў глебу было прадастаўлена кіраўніцтву раёна, дырэктарам сельгасарганізацый, ганаровым гасцям, якія правялі абрад, узяўшы ў рукі рэшата з зярнятамі. Эстафету сяўбы-2020 пераняў трактарыст-машыніст РАПТЗ, узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”, Уладзімір Дзмітрыевіч Комар. У добры шлях, земляробы!
Вольга Нігаматуліна, метадыст ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Кіраўскага раёна»
Фота Максіма Мікешына