Свята першай баразны прайшло ў Быхаўскім раёне
27 сакавіка ў Быхаўскім раёне адбылося свята першай баразны, або “Засеўкі”. Свята прайшло ў полі СВК “Абідавічы” недалёка ад вёскі Палянінавічы. Свята “Засеўкі” – гэта свята працы, надзеі на будучы багаты ўраджай. А як кажуць у народзе любое свята трэба пачынаць з добрым настроем, тады і справа спорыцца. Таму ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Багатуха” павіншавалі ўсіх удзельнікаў свята добрай песняй. Нашы продкі казалі: “Калі пасееш зерне з любоўю ды пашанай, то і колас вырасце з любоўю да цябе, спелы ды наліўны”. Шчырымі словамі вітаў хлебаробаў старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Васільевіч Марціновіч.
Нашы продкі верылі, што зямельцы трэба пакланіцца і абярэгам на ўраджай абавязкова заручыцца. Нашы майстры-умельцы з Быхаўскай дзяцячай школы рамёстваў зрабілі для кожнага старшыні гаспадаркі асаблівы абярэг ад спёкі летняй, холаду вясенняга, ад граду ды марозу. Мы марым, што саламяныя павукі зберагуць усе старанні нашых хлебаробаў, бо зроблены яны з любоўю і загаворам на шдодрую восень. Удзельнікі народнага фальклорнага гурта “Багатуха” ўручылі кіраўнікам гаспадарак сімвалічныя мяшкі з зернем, а таксама абярэг “саламяны павук”.
Першую баразну распачалі, засеяць ніўку запрасілі старшыню і галоўнага агранома СВК “Абідавічы”.
Беларусы заўсёды пачыналі добрую справу з малітвай ад Бога. Таму і мы не адступілі ад бацькоўскай традыцыі.
Пад вясёлыя спевы трактарысты пачалі сяўбу.
Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”