Свята радзімічаў у Радомлі
Падчас свята разгарнуўся вялікі стылізаваны кірмаш, дзе прадаваліся вырабы майстроў і рамеснікаў, разнастайная сувенірная прадукцыя, праходзілі майстар-класы па ганчарстве, ткацтве, кавальстве. Адной з галоўных складальных частак кірмаша з'яўлялася кулінарнае свята, на якім пачэснае месца займалі стравы мясцовай кухні. У кулінарным свяце прынялі актыўны ўдзел жыхары аграгарадка "Радомля".
Культурным і эмацыйным цэнтрам свята стала тэатралізаваная праграма, дзе быў прадстаўлены побыт радзімічаў ІХ стагоддзя з песнямі, карагодамі, здабываннем жывога агню і адроджаным абрадам "Турыцы". На свята былі запрошаны этнаграфічныя калектывы раённых цэнтралізаваных клубных сістэм, этнагурт студэнцкага этнаграфічнага таварыства Магілёўскага педагагічнага ўніверсітэта ім. А.А. Куляшова пад кіраўніцтвам Кастуся Канцавога. Калектывы дэманстравалі мясцовы фальклор і майстар-класы па побытавых танцах з прыцягненнем гледачоў. Таксама на свяце працавалі атракцыёны "Рыбалка" са здабычай жывой рыбы, "Трапны стралок".
Мясцовае свята арганізавана ў межах праекта "Радомля: актыўнасць для адраджэння", які заснаваны і падтрымліваецца Еўрапейскім Саюзам і Інстытутам міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў (DVV International) (са сродкаў Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця). Праект накіраваны на прыцягненне мясцовых жыхароў да развіцця прыроднага, культурнага і гістарычнага патэнцыялу тэрыторыі праз арганізацыю мясцовага свята і стварэнне турыстычнага маршруту. Падчас рэалізацыі праекта былі задзейнічаны такія эксперты, як: загадчык кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Аляксандравіч Марзалюк, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, старэйшы навуковы супрацоўнік Леанід Уладзіміравіч Калядзінскі, загадчык кафедрай гісторыі старажытных цывілізацый і сярэднявечча Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ім. М.Танка, доктар гістарычных навук, прафесар Уладзімір Васільевіч Тугай, старшыня Каардынацыйнага савета Магілёўскага экалагічнага грамадскага аб'яднання "ЭНДО" Андрэй Мікалаевіч Пахоменка. Аўтар ідэі свята і праекта - жыхар вёскі Благавічы Чавускага раёна Валянцін Мікалаевіч Шамро.
На пляцоўцы каля замкавай гары, дзе разгортвалася дзеянне, спецыяльна для правядзення свята па эскізах з месца археалагічных раскопак было збудавана традыцыйнае жыллё радзімічаў ІХ стагоддзя, а таксама выкладзена з камянёў і гліны самабытная печ. Дарэчы, падчас раскопак перад пабудовай традыцыйнага жылля радзімічаў археолагамі была знойдзена адпаведная печ ХVII стагоддзя і кераміка ХIV-ХVII стагоддзяў. Гледачы, якія завіталі "ў госці да радзімічаў", змаглі палюбавацца гэтай унікальнай знаходкай.
Арганізатары спадзяюцца, што свята стане традыцыйным і будзе садзейнічаць развіццю мясцовай тэрыторыі, турыстычнай інфраструктуры, актывізацыі малога і сярэдняга бізнэсу.
Мамона Таццяна Аляксандраўна, вядучы метадыст Магілёўскага абласнога цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.