Свята Саракі святкавалі на Краснапольшчыне
22 сакавіка ў большасці клубных устаноў культуры ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна» былі наладжаны розныя па форме мерапрыемствы, заснаваныя на абрадавым свяце Саракі: сцэнічныя тэатралізаваныя дзействы, інфармацыйна-пазнавальныя гадзіны, веснавыя забавы, экскурсы ў мінулае, сустрэчы з носьбітамі песень-вяснянак, інш.
Разам з тым клубныя ўстановы і іх мерапрыемствы аб’ядноўвала і агульнае – імкненне да захавання народнай спадчыны, абнаўленне і ўзбагачэнне форм работы, накіраванасць на пераемнасць традыцыйнай культуры.
Апошнім часам пачалі ўсталёўвацца творчыя сувязі ўстаноў культуры і адукацыі раёна – гэта адна з задач рэалізуемага другі год творчага праекта «Забытае ўваскрашаецца».
Вось і зараз у дзень Саракі з актыўным удзелам школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў прайшлі мерапрыемствы ў Сідараўскім, Пачапоўскім, Горскім, Ленінскім, Яноўскім СДК.
На Краснапольшчыне, пачынаючы з 22 сакавіка і да дня Благавешчання (7 красавіка) пачыналі гучаць песні-вяснянкі з іх зычным «гу-у-у-у».
Падчас правядзення фальклорных экспедыцый у ходзе праекта «Забытае ўваскрашаецца» у 2016 годзе было сабрана больш дзясятка веснавых песень, якія ўведзены ў культурнае жыццё Краснапольшчыны.
Гукайце вясну разам з намі:
Вясна-вяснуля, дзе ты заснула. Гу-у-у.
Вясна-красна, на чым прыйшла? Гу-у-у…
Марчанка В. А., метадыст раённага Цэнтра культуры ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна»