Свята “У госці да Радзімічаў” прайшло у Чавускім раёне
У прывітальным слове старшыня Чавускага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Драздоўскі падкрэсліў сур’езнае значэнне свята: яно садзейнічае развіццю мясцовай тэрыторыі, турыстычнай інфраструктуры, актывізацыі малога і сярэдняга бізнэсу, прыцягненню жыхароў да мясцовай культуры. Далей да гасцей і жыхароў з пажаданнямі добрага святочнага настрою звяртаўся беларускі археолаг, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Леанід Калядзінскі.
Арганізатары свята распрацавалі турыстычную карту схему зяленых маршрутаў пад назвамі «Радамля - старажытны горад радзімічаў», «Жывая вада», «Стары паштовы гасцінец» з якімі можна было азнаёміцца каля ўвахода на стэндзе.
Гасцей і турыстаў, а таксама мясцовых жыхароў, чакала тэатралізаванае прадстаўленне пад назвай «Падарожжа ў мінулае», якое адбылося на імправізаванай пляцоўцы каля замкавай гары. Менавіта тут, спецыяльна для правядзення свята, па эскізах з месца археалагічных раскопак было збудавана традыцыйнае жыллё радзімічаў ІХ стагоддзя, а таксама выкладзена з камянёў і гліны самабытная печ. Цікавую, захапляльную тэатралізацыю, у аснову якой ляглі падзеі Х-ХІI стагоддзяў, падрыхтавалі супрацоўнікі Чавускага РДК. Прадстаўленне ўяўляла яркае відовішча: з вопраткай і ўпрыгожваннямі, зробленымі па ўзорах, знойдзеных на раскопах. Гучалі песні, вадзіліся карагоды. Кульмінацыяй стала здабыванне жывога рытуальнага агню, а таксама адроджаны абрад «Турыцы». Увогуле, была цудоўна перададзена стылістыка тых часоў.
Таксама арганізатары прадставілі канцэртную праграму, у якой прынялі удзел: студэнтцкія этнаграфічныя таварыствы гг. Мінска і Магілева, народны фальклорны ансамбль «Горскія харашухі» (Краснапольскі раён), дуэт «Дзівабора» з г.Мінска, народны фальклорны ансамбль «Паршынскія зоры» (Горацкі раён), фальклорны гурт « Вербніца» Іванаўскага СДК (Хоцімскі раён) і іншыя.
Падчас свята шырока разгарнуўся стылізаваны кірмаш, дзе майстры-рамеснікі Магілёўскай вобласці ўяўлялі свае вырабы, розную сувенірную прадукцыю, праводзілі майстар-класы. Адным з галоўных эпізодаў кірмашу стала кулінарнае свята, на якім жыхары вёскі Радамля прадставілі стравы мясцовай кухні. Для дзяцей і сталых працавалі атракцыёны: «Стральба дзідай», «Бой мяшкамі», «Адчыні замок», «Прайдзі паміж мяшкоў», «Лоўля рыбы», «Меткі стралок», «Тур’я», «Пападзі ў кальцо», «Катанне на конях». Працаваў павільён «Манетны двор», на якім кляпалі манеты з пажаданнямі на здароўе, поспех, дабрабыт і інш.
Свята завяршыла танцавальна-забаўляльная праграмма з гульнёвымі момантамі.
Дзякуючы глыбокай этнічнасці і пакланенню гісторыі, свята атрымалася вельмі цікавым і незвычайным.
Аляксандр Глуздоў, вядучы метадыст УК “Магілеўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”.