Свята вёскі Горы адбылося ў Краснапольскім раёне
17 чэрвеня пад назвай «Зямля бацькоў – мая зямля» адбылося свята вёскі Горы Краснапольскага раёна.
Гэту вёску і яе наваколле называюць жамчужынай Краснапольшчыны – за непаўторныя ландшафты, за захаванне фальклорнай спадчыны – песеннай і абрадавай, за працавітых і таленавітых людзей, якія жылі і жывуць тут.
Свята атрымалася насычаным і цікавым як для гасцей вёскі, так і для яе жыхароў – ад мала да вяліку.
Пачалося свята яшчэ ў пачатку вёскі, дзе гасцей віталі хлебам-соллю і прывітальнай песняй. Шлях да цэнтральнай пляцоўкі госці маглі праехаць на вясковай коннай павозцы. Дзе-нідзе яны спыняліся каля гасцінных вясковых хат.
У цэнтры вёскі працавала творчая пляцоўка «Таленты роднай зямлі», напоўненая выставамі этнаграфічных рэчаў і сучаснага мастацтва. Тут можна было разгледзіць творы ткацтва і вышыўкі, карункавага пляцення, народнай лялькі, выцінанкі, пляцення з газетнай лазы, народнай кухні, якія прадставілі асобныя майстры і ўстановы – Горскі СДК, ДУА «Горская базавая школа-сад».
Тут прыцягвалі ўвагу гледачоў дэкаратыўныя творы мясцовых умельцаў Васільковай Л. В., Мельнікавай В. П., Марчанка В. А., Канстанцінавай А. А., Яшнай І. В.
Працавалі інфармацыйныя выстаўкі, аформленыя мясцовай бібліятэкай і СДК, праз якія можна было пазнаёміцца з краязнаўчымі матэрыяламі, з літаратурнай творчасцю мясцовага паэта, з фальклорнымі зборамі і даследчымі матэрыяламі па фальклору і этнаграфіі, сабранымі і напрацаванымі ў ходзе тэматычных экспедыцый у в. Горы і суседніх з ёй.
Задаволіць гастранамічны густ можна было ў такіх кропках, як «Фітабар», «Каравайная», «Палужская юшка».
На галоўнай пляцоўцы свята адбывалася культурная праграма «Зямля бацькоў – мая зямля», праз якую былі ўзноўлены гістарычныя падзеі з жыцця вёскі, ушанаванне жыхароў, якія пакінулі добры след на гэтай зямлі, і тых, чыімі намаганнямі ладзіцца праца ў розных галінах, ажыццяўляецца сацыяльнае і культурнае развіццё.
Да культурнай праграмы былі прыцягнуты аматарскія калектывы Горскага СДК – вакальны ансамбль «Спявай, душа», народны фальклорны ансамбль «Горскія харашухі», а яшчэ – шэраг індывідуальных выканаўцаў у розных жанрах з ліку жыхароў вёскі, якіх умела аб’ядноўвае і накіроўвае Васількова Л. У., мастацкі кіраўнік СДК.
У арганізацыі свята былі аб’яднаны сілы СДК, сельскага выканкама, дэпутатаў сельскага Савета, аддзялення «Нарыманаўскае», школы-сада, таму свята вёскі атрымалася на добрым узроўні, што і адзначылі яго госці – старшыня раённага Савета дэпутатаў Гоман А. А., намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама Чаюкова А. І. і іншыя.
Марчанка В. А., метадыст раённага Цэнтра культуры ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна»