Свята вёскі прайшло ў Казелле на Краснапольшчыне
Песняй “Дай Бог вам шчасця, землякі!” развітваліся з жыхарамі вёскі Казелле творчыя калектывы і ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”, якія прынялі ўдзел у свяце гэтай вёскі 27 верасня.
На свяце прысутнічалі старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў А. А. Гоман і шматлікія госці – прадстаўнікі працоўных калектываў розных сфер вытворчасці і грамадскіх арганізацый раёна. Яны, як гэта стала ўжо добрай традыцыяй на такіх святах, віншавалі вяскоўцаў са святам і ўручалі падарункі жыхарам вёскі самых розных катэгорый. І такая ўвага да канкрэтных людзей надавала святу цеплыню, а яшчэ выклікала павагу да тых, хто побач – няхай гэта твой сусед ці проста аднавясковец.
Старшыня Краснапольскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага аб’яднання “Белая Русь” А. А. Гоман узнагародзіла шматдзетныя сем’і, уклад жыцця якіх з’яўляецца прыкладам для аднавяскоўцаў.
Усе члены вялікай сям’і Канаплёвых адрозніваюцца любоўю да роднага кутка і вялікім працалюбствам. Многія з дзяцей гэтай сям’і жывуць тут жа, у Казеллі. Вакол іх дамоў пануе прыгажосць і ўтульнасць. І ўсё робяць яны з душой. Ад каго перанялі сыны і дочкі такія цудоўныя якасці? Канешне, ад бацькоў – Васілія Іванавіча і Ганны Давыдаўны, якія ўжо перашагнулі 50-ці гадовы рубеж сумеснага жыцця. Бацькі выгадавалі 10 дзяцей, а сёння радуюцца сваім 43 унукам і 12 праўнукам.
8 дзяцей выгадавала і сям’я Любезных – Васілія Андрэевіча і Наталлі Ўладзіміраўны, якія таксама асабістым прыкладам вучаць дзяцей жыць у згодзе і ўсім сэрцам любіць свой родны куток.
Думаецца, нездарма раней вёску жартам называлі “Кітай”! Сёння вёскі раёна па колькасці жыхароў становяцца невялікія. Аднак жыццё ідзе. Старшыня Мхінічскага сельскага Савета дэпутатаў Г. В. Шпунтава ўручыла падарункі двум самым маленькім жыхарам вёскі, членам маладых, але ўжо шматдзетных сямей.
Віншаваліся ветэраны працы, актывісты маладзёжнага руху, лепшыя чытачы бібліятэкі і інш.
Аб’ядноўваючае пачуццё падтрымлівалася ўсім ходам і зместам свята. Сцэнарый быў напоўнены фактамі і дадзенымі гісторыі і сучаснага жыцця вёскі, раскрываў прыгажосць культурнай спадчыны.
Нельга не пагадзіцца з тым, што асноўная каштоўнасць дзяржавы і малой радзімы – гэта людзі: працавітыя, таленавітыя, разумныя. Дзякуючы ім, у гісторыю малой радзімы ўпісваюцца цудоўныя старонкі, а ў жыцці адбываюцца ўнікальныя падзеі, якія доўжаць жыццё вёскі.
Яскравым прыкладам выканання грамадзянскага доўгу і сыноўняга пачуцця да роднай зямлі з’явілася ўзвядзенне ў вёсцы Казелле памятнага знака воінам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Хто выступіў ініцыятарам, і хто рэалізаваў гэты праект? Звычайныя вяскоўцы – Конанаў У. М. і Канаплёў В. В., якія знайшлі падтрымку з боку аднавяскоўцаў.
Унікальны аўтэнтычны абрад “Мікольская свяча” захоўваецца Акіншавай М. І. і суполкай мясцовых жыхароў. Што гэта, калі не любоў і павага да сваіх дзядоў і прадзедаў, да сваіх каранёў, да роднай спадчыны, якая нас мацуе і яднае.
Родную спадчыну і родны край мы павінны перадаць сваім нашчадкам з усёй сваёй любоўю да малой радзімы і роднай Беларусі.
Пра станоўчыя і беражлівыя адносіны падрастаючага пакалення да народнай спадчыны сведчаць багатыя этнаграфічныя зборы музея навучальнай установы вёскі, які быў адкрыты для гасцей свята.
Маладое пакаленне вёскі Казелле таксама прыняло ўдзел у свяце. Пра научальную ўстанову распавяла яе дырэктар Леснічэнка А. У., а дзіцячы ансамбль выказаў сваю любоў да краіны і вёскі песняй. Парадавалі прысутных і шматлікія выставы дзіцячай творчасці, і дэманстрацыя дасягненняў вучняў праз дыпломы і граматы.
Казельскі сельскі клуб падрыхтаваў да свята багацце народных страў. Асабліва вабіла разнастайнасць страў з грыбоў, з любоўю і ўмельствам прыгатаваных Акіншавай Т. І., культработнікам клуба, і пастаяннай удзельніцай усіх мерапрыемстваў Акіншавай В. А.
Мастацкі ўзровень свята быў забяспечаны паэтычнымі творамі В. А. Марчанка, краснапольскай паэткі, якая з’яўлялася сцэнарыстам і рэжысёрам свята, а яшчэ – песенна-музычнымі кампазіцыямі, на высокім узроўні выкананымі народнымі аматарскімі калектывамі Краснапольскага РЦК “Шчадрэц” і “Краснапольская субацея”, кіраўніком якіх з’яўляецца А. Трафімава, і салістамі РЦК А. Трафімавай, А. Дарафеевым, Г. Снытка.
Адным словам, на пляцоўцы каля ДУА “Казельскі ВПК дзіцячы сад-СШ”, дзе адбывалася свята, было ўтульна і прыгожа, тут панавала атмасфера добрасуседства і аб’ядноўваючага пачуцця.
Валянціна Марчанка, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”