Свята вёскі “Свята ў нашай хаце” прайшло ў аграгарадку Стары Востраў Клічаўскага раёна
Жыхароў і гасцей аграгарадкоў Клічаўскага раёна працягваюць радаваць шырокамаштабнымі мерапрыемствамі – святы вёсак. Здаўна ў кожным населеным пункце на царкоўныя святы “гудзелі” кірмашы.
Гэтая традыцыя захоўваецца і ў цяперашні час. У суботу,28 жніўня, на “Успенне Багародзіцы” (першую Прачыстую) у аграгарадку Стары Востраў прайшло свята вёскі “Свята ў нашай хаце”. На тэрыторыі сельскага Дома культуры была прадстаўлена выстава вырабаў майстроў раённага Дома рамёстваў, мясцовых рукадзельніц і ўмельцаў. Са сцэны гучалі віншаванні са святам, жарты, загадкі, ды вясёлыя песні. У госці да жыхароў вёскі завіталі сямейны ансамбль Палянскіх з г.Беразіно і лаўрэат міжрэгіянальнага конкурсу “Залатыя 70-е” Кавер група “Dr. TIME BAND” з г.Клічава з кіраўніком Андрэем Гаварушкам.
На выставе нацыянальных беларускіх страў “Востраўскія прысмакі” можна было падсілкавацца, а на танцавальна-забаўляльнай праграме “Залаты час” паказаць сваю ўдаласць, ад душы патанчыць і павесяліцца. Мясцовай дзетвары даставілі радасць атракцыёны, каруселі ды батут. Жыхары вёскі разыходзіліся па дамах у добрым настроі і з удзячнасцю арганізатарам і гасцям свята.
Тамара Астроўская, метадыст ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”