Свята вёскі «Зямля бацькоў – мая зямля», прымеркаванае Году малой радзімы, прайшло на Краснапольшчыне
Свята вёскі Тур’я Краснапольскага раёна «Зямля бацькоў – мая зямля» адбылося 25 мая і сабрала больш за сотню чалавек, па водгуках якіх, атрымалася яно насычаным, прыгожым і цікавым. Высокую ацэнку праведзенаму мерапрыемству дала і старшыня раённага Савета дэпутатаў Краснапольскага райвыканкама А.А.Гоман.
Мне, як аўтару сцэнарыя і рэжысёру мерапрыемства, хацелася адыйсці ад традыцыйнай і распаўсюджанай формы яго правядзення і прапанаваць нешта новае. Хацелася ўвасобіць на практыцы і тыя набыткі-веды, якія змагла вынесці з метадычных «урокаў» майстра сваёй справы – галоўнага рэжысёра абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Н.Л.Маісеевай, якая толькі за апошні час правяла для зацікаўленых асоб вобласці два цудоўныя метадычныя семінары па рэжысуры святаў.
Сцэнарый галоўнай дзеі свята ўвасабляў ідэю, адлюстраваную ў яго назве – «Зямля бацькоў – мая зямля». Праз такія блокі, як «прывітальны», «даніна Памяці», «гістарычны», «аўтэнтычны», «сучаснае жыццё і будучыня вёскі», у мерапрыемстве раскрываліся каштоўнасці малой радзімы і іх значэнне для яе будучыні, таму праз усё свята забяспечваўся ўдзел маладога пакалення – вучняў мясцовай навучальнай установы.
Выхаплю толькі некалькі рысак свята.
…Пераемнасць традыцый – галоўная ўмова існавання народа і паняцця «Радзіма».
Традыцыя ўшанавання Памяці гераічнага пакалення сваіх землякоў знайшла ўвасабленне на свяце праз выхад «бессмяротнага палка». Юныя хлапчукі і дзяўчынкі з гонарам пранеслі партрэты сваіх дзедаў, прывітаць якіх паднялася ўся імправізаваная зала ўдзячных вяскоўцаў і гасцей. Метраном адбівае свае ўдары. Яны стукаюць у кожнае сэрца… Бессмяротная Памяць адным пачуццём злучае адразу некалькі пакаленняў…
…А вось дзеці разам з дзедам-вандроўнікам (акцёр тэатра РЦК А.Кузняцоў) вядуць аповеды пра сівыя стагоддзі даўніны. Дзятва падхоплівае таямнічыя паданні пра паходжанне вёскі і ракі Тур’і, пра больш блізкія часы гісторыі малой радзімы… Ёсць чары ў мінулым, старадаўнім…
…Зачаравала ўдзельнікаў свята і дэфіле аўтэнтычных народных вясковых касцюмаў, дэманстрацыя рамесных вырабаў, аўтэнтычныя вясковыя спевы…
Блаславіць вёсачку Тур’я на далейшае жыццё прыехаў настаяцель прыхода храма Дзмітрыя Растоўскага, што ў вёсцы Выдранка Краснапольскага раёна, іерэй Віктар, які ў гэтым годзе за духоўную плённую дзейнасць атрымаў ганаровае званне «Чалавек Года Магілёўшчыны» з занясеннем на абласную Дошку гонару.
Маладое пакаленне – сучаснасць і будучнасць роднага краю, яно павінна ведаць гісторыю, знакамітых асоб, традыцыі і абрады сваёй зямлі. Ведаць і быць іх носьбітамі і працягам.
А пераймаць традыцыі і лепшыя прыклады жыцця ёсць у каго!
На свяце, як гэта здаўна павялося на падобных імпрэзах, быў адведзены час і для ўшанавання лепшых землякоў-працаўнікоў, якія трудзяцца ў розных галінах народнай гаспадаркі, для ўзнагароджання лепшых майстроў творчасці, пераможцаў розных конкурсаў, арганізаваных напярэдадні свята сельскім Саветам дэпутатаў.
Арганізацыя і правядзенне мерапрыемства прадугледжвала ўзаемадзеянне многіх сацыяльных суб’ектаў Тур’яўскога сельскага Савета (старшыня В.А.Герашчанка) і служб раёна, праз што і было дасягнута ўважлівае стаўленне да жыхароў вёскі і забяспечана насычанасць свята і яго паўната.
Увасобіць рэжысёрскую задуму добра дапамаглі вядучыя свята – дзяўчынка Сонечка і культработнікі РЦК Г.Снытка, А.Кузняцова, Ю.Падалякін, А.Кузняцоў.
Святочнасць праграме і добры настрой надавалі канцэртныя і віншавальныя нумары, падрыхтаваныя Тур’яўскім СДК, ДУА «ВПК дзіцячы сад - сярэдняя школа», салістамі і творчымі калектывамі РЦК: народнымі ансамблямі «Шчадрэц» і «Краснапольская субацея», вакальнай групай «Халасцякі».
Канцэртна-сцэнічнай дзеяй, якая лічылася галоўнай, не закончылася свята вёскі. Яно працягнулася прэзентацыяй шматлікіх выставак, забавамі, танцамі і гульнямі на творчых пляцоўках. Сюды гасцей і жыхароў вёскі прыцягвалі не толькі цікавыя назвы і напаўненні, але і жывое дзейства, арганізаванае ў традыцыях вёскі.
Для мяне і маіх калег свята працягнулася яго аналізам і выданнем адпаведнай ілюстраванай брашуры. Зацікаўленыя калегі, звяртайцеся!
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК «Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна»