Свята “Юр’я” адбылося ў Касцюковіцкім раёне
6 мая на базе Баронькаўскага сельскага Дома культуры адбылося абрадавае свята “Юр’я”.
Захаванне абрадаў ніколькі не пярэчыць сучаснаму ладу жыцця, у якім неверагодна хутка нівеліруюцца і знікаюць рысы самабытнай адметнасці. Але ў весцы Баронькі аматарскі калектыў “Дзяўчаты” імкнуцца зберагаць традыцыі і абрады, якія дасталіся ад продкаў. Адрозным з’яўляецца тое, што на Юр’е ў гэтай вёсцы ў святочным шэсці носяць каравай і фартушок на граблях, закапваюць пасхальнае яйка ў зямлю, каб жыта радзіла, а потым вадзяць карагоды, спяваюць песні, што дапамагае хутчэй абудзіць зямлю ад зімняга сну. Усе ўдзельнікі абрадавых дзействаў прашлі ў “вароты” з самага доўгага ручніка. Затым, той хто хацеў быць дужым і здаровым, качаліся па расянай траве, дзяўчаты амываліся расой ды збіралі ў жбаны.
Сярод сталых людзей захаваласа паданне, што ў дзень свята Юр’я неабходна рабіць малочны абрад. Спецыялісты клубнай установы ў гэтым годзе паспрабавалі яго ўзрадзіць з надзеяй, што ён зноў стане актуальным, бо з даўніх часоў вядома, што ў гэтай вёсцы кароўкі заўсёды былі “малочныя” і на святы гатавалі шмат ежы з малака.
Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, гледачоў і ўдзельнікаў мерапрыемства было вельмі шмат. У свяце прынялі ўдзел творчыя калектывы раённага Цэнтра культуры, працавала выстава вырабаў ДПМ майстроў-рамеснікаў.
Калі на Юр’я будзе раса, то будзе ў дастатку коням аўса! Калі ў Юр’еў дзень ідзе дождж густы і вялікі, то будзе расці высокае жыта! Спадзяёмся, што так і станецца!
Святлана Захарэнка, намеснік дырэктара ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Касцюковіцкага раёна”