Сябруйце з гумарам!
30 сакавіка ў Магілёве прайшоў першы этап абласнога конкурсу беларускага народнага гумару “Гумар і жарты Магілёўшчыны”.
Конкурс праходзіў на базе арганізатараў – установы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”. Ён праводзіцца ў мэтах падтрымкі, далейшага развіцця цікавасці да беларускага народнага гумару і сатыры, папулярызацыі народнай творчасці.
Права агучыць свае фірменныя жарты ў першым этапе атрымалі 59 удзельнікаў. Выступоўцаў чакалі дзве намінацыі: гумарыстычны нумар (сцэнкі, анекдоты, апавяданні, фельетоны, традыцыйны СТЭМ, маналог, пародыі, мініяцюры, дыялогі, байкі) і разнажанравыя жарты (песні-пародыі, жартоўныя песні, куплеты, прыпеўкі, галасавыя пародыі, жартоўны танец, танцавальныя замалёўкі).
Хоць і першы раз праходзіць абласны конкурс беларускага народнага гумару, але ж артысты парадавалі гледачоў, стварыўшы атмасферу, па-майстэрску аздобленую гумарам. І жарты былі якія заўгодна, толькі не жорсткія і не злыя. Трапныя жарты і пра жыццё, і пра каханне, і пра работу і шмат чаго іншага. Мабыць, такі самабытны беларускі гумар даражэй за шырокую, але няшчырую ўсмешку. Вы сябруеце з гумарам, гумар сябруе з вамі, а гэта значыць, што вы зможаце зрабіць шчаслівым сваё жыццё.
Ацэньвалі выступленні ўдзельнікаў прафесійнае журы ў складзе Білык Зінаіды Іванаўны, галоўнага рэжыссёра ўстановы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”; Вопсевай Анжелікі Валер’еўны, старшыні цыклавой камісіі “Тэатральныя дысцыпліны” ўстановы адукацыі “Магілеўскі дзяржаўны коледж мастацтваў”; Кузняцова Аляксандра Пятровіча, вядучага метадыста ўстановы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.
Выступленні ўдзельнікаў ацэньваліся па крытэрыях: артыстызм; актуальнасць жартаў; музычнае афармленне; сцэнічная культура і выканаўчае майстэрства; мастацка-эстэтычны і сатырыка-гумарыстычны ўзровень рэпертуару; выкарыстанне сучаснага і традыцыйнага гумарыстычнага фальклору.
Другі заключны этап адбудзецца ў рамках абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2023” у г.п.Хоцімску. Усе ўдзельнікі конкурсу па выніку конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі ўдзельніка, пераможцы конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі I, II, III ступені ў кожнай катэгорыі і намінацыі.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”