Сямейная пераемнасць і новыя смакі Масленіцы: як у Клічаўскім раёне шануюць кулінарныя традыцыі

Масленіца – гэта час, калі беларусы з асаблівым размахам дэманструюць сваю гасціннасць і кулінарнае майстэрства. Раённы фестываль-конкурс “Асалода”, праведзены ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”, стаў яскравым пацвярджэннем таму, што традыцыі масленічнай кухні жывуць і развіваюцца, перадаючыся з пакалення ў пакаленне і ўзбагачаючыся новымі смакамі.
“Асалода” сабрала творчых работнікаў раёна, якія прадставілі на суд журы і гледачоў сапраўдны калейдаскоп масленічных страў. Асноўнай умовай конкурсу была адпаведнасць тэме свята, таму на сталах панавалі бліны ва ўсіх магчымых варыяцыях, а таксама іншыя традыцыйныя пачастункі.


Класічныя бліны з мачанкай прадстаўлялі філіялы Бацэвіцкі і Востраўскі СДК. Пра свой варыянт з Бацэвіч цікава расказала Інна Тарэлка. Гэты рэцэпт дастаўся ёй ад бабулі, якая ўвесь час казала, што “бліны без мачанкі, што баня без мачалкі”. Акрамя традыцыйных сала, каўбасы і абрэзкаў мяса ў гэту мачанку былі дабаўлены грыбы.


Нельга не адзначыць важнасць сямейнай пераемнасці ў захаванні кулінарных традыцый. Прыклад загадчыцы філіяла Востраўскі СДК Паньковай Алены Сяргееўны, якая кожны год ходзіць са сваім мужам на “цешчыны бліны” да сваёй маці, паказвае, як важна шанаваць сямейныя звычаі і перадаваць іх наступным пакаленням. Ганна Герашчанка, удзельніца свята, згадвала ў сваіх дзіцячых успамінах пра вялікія тоўстыя бліны – драчонікі, цеста для якіх рабілі як на дранікі, але выпякалі вялікімі і тоўстымі ў печы і елі з салам – такія моманты звязваюць пакаленні і робяць традыцыі жывымі і значнымі.


Але Масленіца – гэта не толькі павага да мінулага, але і час для творчасці. Удзельнікі конкурсу смела эксперыментавалі, дапаўняючы традыцыйныя рэцэпты сучаснымі ідэямі. Так з’яўляліся і новыя, арыгінальныя стравы. Напрыклад, блінныя торбачкі з грыбамі, прыгожа перавязаныя зялёнай цыбуляй ад філіяла Доўгаўскі СКБ, ці бутэрброды “Банцікі” ад філіяла Арэхаўскі СДК – гэта ўжо сучасныя прыдумкі, якія, аднак, гарманічна ўпісваюцца ў масленічнае застолле.


Асаблівую увагу прыцягнуў торт у выглядзе дзяржаўнага беларускага сцяга ад філіяла Каўбчанскі СК. Гэты незвычайны дэсерт стаў сімвалам любові да роднай Беларусі, а таксама дэманстрацыяй таго, як традыцыйныя стравы могуць набываць новае гучанне ў сучасным свеце.
Фестываль-конкурс “Асалода” паказаў, што масленічная кухня Клічаўскага раёна – гэта не статычная з’ява, а жывы, дынамічны працэс. Тут шануюць традыцыі, але не баяцца эксперыментаваць, ствараючы новыя стравы і напоі. Пры гэтым, галоўнае – гэта захаванне духу Масленіцы, духу радасці, гасціннасці і сямейнага цяпла. Такія мерапрыемствы дапамагаюць не толькі захаваць багатую беларускую кулінарную спадчыну, але і зрабіць яе яшчэ больш цікавай і прывабнай для будучых пакаленняў.

Ж.Я.Ачыновіч, загадчык аддзела нестацыянарнага абслугоўвання ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Клічаўскага раёна”