Сям'я года ў Клічаве
У мінулую пятніцу, 11 красавіка, незвычайна цёплая святочная атмасфера панавала ў глядзельнай зале раённага Дома культуры. Тут праходзіў раённы конкурс «Сям’я года - 2014».

У барацьбе за гэта ганаровае званне прынялі ўдзел сем’і Шумскіх (Алена, Аляксей, сыны – Косця і Максім), Галацэвічаў (Анастасія, Дзяніс, дзеці – Ілля і Ульяна) і Коўрыкаў ( Алена, Руслан і дзве дачуркі – Ксюша і зусім маленькая Жэнька). Праграма конкурсу складалася з чатырох этапаў: «Візітная картка», «Сямейнае дрэва», творчы - «Хто ва што гаразд» і кулінарны - «Сямейная страва». У працэсе праходжання конкурсных этапаў удзельнікі змаглі раскрыць шматграннасць шлюбнага жыцця: сямейныя традыцыі, разнастайнасць інтарэсаў усіх членаў сям’і, прадэманстраваць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, кулінарныя і творчыя здольнасці мам, тат і вядома ж дзяцей.
На працягу ўсяго свята цэнтрам несуцішнай энергіі былі дзеці, якія разам з бацькамі прымалі ўдзел у конкурснай праграме. Яны гулялі, танцавалі, спявалі, знаёміліся адзін з адным.

Акрамя конкурсных выпрабаванняў, былі таксама выпрабаванні для тат «Хуткі аўтамабіліст», для мам і тат «Адзін у полі не воін» і для дзяцей «Загадалкі-адгадалкі”.
Для членаў журы было нялёгкай задачай выбраць сям’ю года. Але ўсё ж, пры падліку балаў, першай апынулася сям’я Шумскіх, на другім месцы сям’я Галацэвіч, на трэцім - сям’я Коўрык.
На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсу намеснік старшыні райвыканкама Галіна Пятроўна Данілкіна адзначыла, што дом, сям’я, дзеці - гэта стваральная сіла ў жыцці кожнага чалавека. Дзеля гэтага мы жывем, працуем, творым. Яна ўручыла ўдзельнікам конкурсу заслужаныя ўзнагароды - дыпломы, каштоўныя падарункі, салодкія прызы і пажадала на доўгія гады кахання, дабрабыту і лада ў сем’і.
Астроўская Т.Ц.
метадыст РДК