Тэматычнае мерапрыемства да Міжнароднага дня роднай мовы прайшло ў Чэрыкаве
24 лютага ў раённым Доме культуры прайшло тэматычнае мерапрыемства “Не пакідайце ж мовы роднай…”, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы. З гэтай нагодай спецыялісты Дома культуры падрыхтавалі і правялі віктарыну для навучэнцаў 9 “В” класа ўстановы адукацыі “Сярэдняя школа №1”.
У пачатку мерапрыемства вядучыя Наталля Халюзева і Наталля Марозава правялі кароткі экскурс у гісторыю свята. У першым заданні навучэнцы адгадвалі беларускія загадкі-жарты. За кожны правільны адказ, які павінен быў быць на беларускай мове дзеці атрымлівалі адзін жэтон. Потым прысутным вядучыя мерапрыемства прапанавалі перакласці рускія словы або словазлучэнні на родную мову. У наступным заданні неабходна было выбраць адзін з трох прапанаваных варыянтаў значэння беларускага слова. Успомніць гісторыю роднай краіны дапамогло ўдзельнікам заданне “Старонкі мінулага і сучаснага”. У апошнім заданні нашага спаборніцтва высветлілі, як добра ведаюць навучэнцы прыказкі. Неабходна было знайсці пачатак і канец беларускай прыказкі і растлумачыць яе значэнне.
Пакуль падліковая камісія падводзіла вынікі віктарыны па колькасці набраных жэтонаў прысутным прапанавалі паглядзець урывак са спектакля “Сэ ля ві і Мікітаў лапаць” па п’есе А.Саскавец. Дадзеная пастаноўка была падрыхтавана ўдзельнікамі тэатра юнага гледача “Скарбонка талентаў” пад кіраўніцтвам Алены Камісаравай да ўдзелу ў абласным аглядзе-конкурсе аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі”, занальны этап якога адбыўся 16 лютага. Галоўныя ролі ў спектаклі выконвалі Лізавета Тапчэўская, Аляксей Шкуратаў, Кацярына Мядзведзева, Петр Шэлепень і Паліна Халюзева.
Пасля прагляду спектакля адбылося ўзнагароджанне пераможцы віктарыны, якой стала Марыя Бязрукава, навучэнка 9 “В” класа ўстановы адукацыі “Сярэдняя школа №1”, якая набрала найбольшую колькасць жэтонаў за правільныя адказы.
Ад імя дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага райвыканкама” выказваем словы падзякі класнаму кіраўніку 9 “В” класа ўстановы адукацыі “Сярэдняя школа №1 г. Чэрыкава” Ганне Васільеўне Сюбаевай за аказаную дапамогу ў арганізацыі аўдыторыі навучэнцаў пры правядзенні дадзенага мерапрыемства.
Аксана Аляксеева, метадыст ІМА ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна”