Традыцыйныя творчыя справаздачы сельскіх Саветаў дэпутатаў пачаліся ў Краснапольскім раёне
Такія мерапрыемствы заўсёды збіраюць і аб’ядноўваюць як тэрытарыяльныя суб’екты соцыўма так і насельніцтва, даюць новыя магчымасці сустрэч з мясцовымі органамі ўлады – органамі, самымі прыбліжанымі да людзей, якія ў першую чаргу рашаюць праблемы мясцовага характару, тыя праблемы, якія хвалююць жыхароў вёсак, арганізацый, вуліц, дамоў і кожнага чалавека. Праз такія мерапрыемствы ёсць магчымасць азірнуцца на зробленае і зазірнуць у будучыню.
Вёска – гэта не толькі палі і фермы, планы і лічбы па іх выкананню. Вёска – гэта асаблівы ўклад жыцця. Яго развіццё і стан залежаць ад стварэння спрыяльных умоў для вясковых жыхароў, у тым ліку і ад умоў арганізацыі вольнага часу, культурнага жыцця. Без гэтага жыццё вёскі не будзе такім цікавым і шматколерным.
Першым у раёне трымаў справаздачу Горскі сельскі Савет дэпутатаў. Творчая сустрэча адбылася на базе Ленінскага СДК.
На гэты раз спецыялістамі клубнай установы была абрана «вячоркавая» форма прадстаўлення сваіх культурных дасягненняў і здабыткаў. Праз такую форму мелася магчымасць дэманстрацыі творчасці аматарскага калектыва СДК, клубных фарміраванняў, носьбітаў фальклорнай спадчыны, а яшчэ – магчымасць аб’яднання творчых сіл бібліятэкі, навучальнай і клубнай установы. Дарослыя і маленькія ўдзельнікі былі побач, дэманструючы вынікі захавання і актуалізацыі народнай спадчыны свайго рэгіёну. А вясковыя гледачы атрымалі асалоду ад культурных замалёвак з народнага жыцця, адпачывалі і спявалі разам з аматарамі творчасці.
Ад прагляду справаздачы Ленінскага СДК хацелася заключыць: дзе крынічыць жаданне, там культура жывая!
Апошнім часам Ленінскі СДК усё больш заяўляе пра сябе, усталёўвае станоўчы імідж на вёсцы і ў ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна».
Мастацкі кіраўнік установы і кіраўнік клубных фарміраванняў Ленінскага СДК Кандраценка А.У. немала робіць для гэтага. Яна з’яўляецца пераможцай раённага конкурсу прафесійнага майстэрства «Жыві, прафесія», конкурсаў «Лепшы кіраўнік клубнага фарміравання па традыцыйнай культуры» і «Шануй сляды мінулага». Сваім вопытам яна актыўна дзеліцца з калегамі праз метадычныя формы вучобы ДУК «ЦКС Краснапольскага раёна». На працягу 2017 года неаднаразова прыцягвалася да правядзення майстар-класаў па развіццю ДПМ. Яе вопыт знайшоў апісанне ў метадычнай брашуры «Жывое дрэва рамяства» або «Вопыт работы па развіццю ДПМ у фармаце сучаснасці» (аўтар метадыст Марчанка В. А.).
Клубная ўстанова ўключылася ў працэс арганізацыі і правядзення фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, стварыла этнаграфічны куток з багатай калекцыяй тканых рэгіянальных ручнікоў, элементаў народных касцюмаў.
Прываблівае сваім майстэрствам ігры на гармоніку, ды яшчэ на перавернутым, і мясцовы гарманіст аграгарадка Леніна Занудзенка М.А., дыпламант 3-й ступені абласнога рэгіянальнага свята-конкурсу ў Слаўгарадскім раёне «Народная прыпеўка».
Годнасць чалавека ці народа ствараецца не тым, колькі яны прыдбалі, а тым, колькі яны пакінулі ў скарбніцу культуры. І тут яшчэ хочацца прыгадаць словы Дз. Ліхачова, які адзначыў: «Мы не выжывем фізічна, калі загінем духоўна».
Валянціна Марчанка, метадыст Краснапольскага РЦК