Творчасць Кругляншчыны была прадэманстравана ў рамках фестываля народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”
Фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” працягваецца, і сёння, 7 чэрвеня, у нязменным месцы – Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы – багатую творчую палітру паказвалі майстры і калектывы Круглянскага раёна.
Нагадаем, што фестываль прызваны паказаць багатую гістарычную палітру раёнаў Магілёўскай вобласці, іх поспехі, дасягненні, гістарычную спадчыну на працягу некалькіх гадоў.
Сёння дзверы ў свет творчасці прыадкрыла Кругляншчына. Па традыцыі фестываль пачаўся яшчэ з парога – народнай песней і шчырай усмешкай сустракалі гасцей народны вакальны ансамбль “Беларусачка” Цяцерынскага сельскага Цэнтра культуры, народны вакальны ансамбль “Крынічэнька”, вакальны ансамбль “Сударушка” раённага Дома рамёстваў.
З народнымі традыцыямі Кругляншчыны можна было пазнаёміцца на выставе, якая размясцілася ў фае Цэнтра. Тут сваю творчасць прадставілі майстры раённага Дома рамёстваў: гэта і майстар на ўсе рукі – Ларыса Лямцава, майстар па ткацтву; легенда раёна – Аляксандр Харкевіч, майстар выраблення драўляных музычных інструментаў; былі прэзентаваны размаляваныя дошкі майстра Святланы Макаравай; саломапляценне Анны Саланенка і іншае. Майстры прадставілі работы ў розных тэхніках: лазапляценне, вышыўка, ткацтва, пляценне паясоў, рушнікі, апрацоўка дрэва і інш. Апроч таго быў праведзены майстар-клас з дзецьмі па вырабленні лялькі. Раённы Дом рамёстваў прывёз з сабой любімую калекцыю лялек, памерам з чалавека: лялька Параскева Пятніца, Берагіня дома, традыцыйная лялька абярэг на ўдалае замужжа, лялька абярэг Мамушка і іншыя.
Сваю дзейнасць прэзентавалі работнікі Круглянскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, ДУДА “Круглянскі раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Радуга” і інш.
Але галоўны падарунак усім аматарам народнай творчасці быў падрыхтаваны ў актавай зале, дзе на працягу некалькіх гадзін ішла цікавая і вельмі насычаная канцэртная праграма.
На мерапрыемстве прысутнічалі: намеснік старшыні Круглянскага раённага выканаўчага камітэта Анжэла Аляксандраўна Лукашэвіч; начальнік аддзела народнай творчасці, культурна-дасугавай дзейнасці і ўстановы адукацыі ўпраўлення культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Іна Міхайлаўна Багамазава; намеснік дырэктара ўстановы культуры “Магілеўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” Іна Васільеўна Балаўнёва.
Пачалася канцэртная праграма з харэаграфічнай кампазіцыі “Мелодыя Беларусі” ў выкананні харэаграфічнага калектыва “Кураж”, танцам “Сэрдца Беларусі” ўзорнага дзіцячага харэаграфічнага калектыва “Кругляначка”. Увесь канцэрт быў пранізаны тэмамі малая радзіма, любові да Беларусі, гераічным традыцыям мінулага, Вялікай Айчыннай вайне, летапісу народных талентаў Кругляншчыны і інш. Адзін калектыў змяняў другі, новая песня кранала сэрца яшчэ больш, чым папярэдняя. Творчы патэнцыял Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Круглянскага раёна сапраўды раскрыўся і ўразіў талентамі, а таксама дазволіў дакрануцца да сапраўднай народнай творчасці гэтага рэгіёна.
Творчыя выступленні кожнага з раёнаў на абласным фестывалі “Беларусь родная, музычная, народная” ў Год гістарычнай памяці – памятныя і значныя па-асобаму. Наперадзе новыя старонкі, новыя імёны, новыя людзі і новая праца на карысць і росквіт роднай Беларусі.
Крысціна Башарыава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”