Творчасць Мсціслаўскага раёна на абласным фестывалі народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”
Мсціслаўшчына – ветлівы, дабразычлівы край, з пазалочанымі купаламі старадаўніх храмаў і цэркваў, утульнымі паркамі, знакамітай Замкавай гарой.
Сённяшні дзень лепш пазнаёміў жыхароў Магілёўшчыны з Мсціслаўскім краем, з яго традыцыямі і гісторыяй. Бо 20 красавіка ў рамках абласнога фестывалю народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” прайшла творчая прэзентацыя Мсціслаўскага раёна.
Месцам сустрэчы стаў Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. А сама творчая прэзентацыя традыцыйна прайшла на некалькіх пляцоўках. Па-першае, гэта вуліца. На пляцоўцы перад будынкам Цэнтра звонкай песняй гасцей сустракаў народны вакальны ансамбль “Надзея” Хадасоўскага сельскага Дома культуры.
Наступным месцам стала фае першага паверха, тут сваю творчасць прадставіў раённы Дом рамёстваў. “Наш Дом рамёстваў адраджае розныя віды промыслаў, і на выставу мы прывезлі работы нашых майстроў. Гэта і дэкаратыўна-прыкіладнае мастацтва і выяўленчае. Вы можаце пазнаёміцца і з нашым саломапляценнем, і дрэваапрацоўкай, вырабам беларускай лялькі, вышыўкай, ганчарствам і, вядома ж, кавальствам. А яшчэ не менш цікавым з’яўляецца на нашай выставе батлейка, якая зроблена ўручную нашымі майстрамі”, – расказаў Сяргееў Арцём Аляксандравіч, загадчык раённага Дома рамёстваў. Выстава адкрылася экспазіцыяй каваля і яго работ, а прадоўжылася знаёмствам з ганчаром, а таксама правядзенне майстар-классаў на ганчарным крузе і па вышыўцы.
Акрамя выставачных экспазіцый Дома рамёстваў на выставе прысутнічалі работы Мсціслаўскага дзяржаўнага будаўнічага каледжа, тэматыка экспазіцыі якіх была звязана непасрэдна з брэндам Мсціслаўшчыны – “Рыцарскім фэстам”.
Таксама была прадстаўлена выстава пчаляроў, якія вырабляюць прадукцыю на мядовай аснове. На выставе бібліятэчнага фонду госці свята маглі пазнаёміцца са старажытнай гісторыяй Мсціслаўшчыны, літаратурнай спадчынай горада, гістарычнымі і архітэктурнымі помнікамі. На працягу ўсяго свята была арганізавана дэгустацыя нацыянальных страў Мсціслаўскага раёна.
Творчая праграма працягнулася ў канцэртнай зале, тут для гледачоў адбылася канцэртная праграма з удзелам вядучых калектываў і салістаў Мсціслаўскага раёна.
Свае выступленні гледачам падарылі народны хор народнай песні РЦК і НТ, салісты А. Камарова, Л. Савасціна, Н. Фёдарава, А. Бурдукоў. З асаблівай энергетыкай і віртуознасцю выступілі народны ансамбль баяністаў “Кантраст”, харэаграфічны калектыў ДШМ ім. М. Чуркіна, харэаграфічны калектыў РЦК і НТ “Ззянне”. Яркімі і дынамічнымі былі выступленні народных вакальных ансамбляў “Свята” і “Свабодны стыль”. Упершыню на Магілёўшчыне выступіў вакальна-інструментальны ансамбль “Red fox bend”.
Пачалася канцэртная праграма з тэатралізаванай вакальна-харэаграфічнай кампазіцыі “Мсціслаўшчына. Ад гісторыі да сучаснасці”, якая падзялілася на эпізоды, і ў кожным эпізодзе быў паказаны пэўны перыяд жыцця раёна. Тут змяняючы адна адну на сцэне з’яўляліся мадэлі ў стылізаваных беларускіх касцюмах, выходзілі Князь з Княгіняй, праецыраваліся віды Замкавай гары і калажы цэркваў і манастыроў раёна, інфармацыя пра Пятра Мсціслаўца, Сцяпана Палубеса, выходзілі каваль і ганчар, жнеі і шматлікае іншае адбывалася на сцэне. У фінале мерапрыемства ўсе ўдзельнікі канцэртнай праграмы выканалі вакальна-харэаграфічную кампазіцыю “Мы разам”.
Творчая прэзентацыя Мсціслаўскага раёна праляцела на адным дыханні, а наступным фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” рыхтуецца сустракаць Крычаўскі раён.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”