І ТВОРЧАСЦЬ, І НАТХНЕННЕ, І ЛЮБОЎ

Творчасцю, натхненнем і любоўю да вялікай і малой радзімы, да сваёй працы была прасякнута праграма Ленінскага сельскага Дома культуры, які прыняў удзел у творчай справаздачы Горскага сельскага Савета. Падзея адбылася 21 лютага 2025 года.
Клубная ўстанова прадставіла тэматычную праграму “Зямля бацькоў – мая зямля”, якая была рэалізавана з прыцягненнем аматараў творчасці з ліку насельніцтва вёскі Леніна – дарослых і дзяцей. Сярод іх – выхаванцы дзіцячага садка, мясцовай школы, члены клубных фарміраванняў клубнай установы і яе аматарскі калектыў народнай песні “Глініца”.
Разнастайнасць выкарыстаных жанраў творчасці рабіла праграму цікавай і змястоўнай. У ёй гучалі вершы і ўзнёслыя словы пра Радзіму, песенныя кампазіцыі ў выкананні салістаў і дуэтаў.


Асаблівая ўвага ў праграме была адведзена народнай спадчыне. Прысутныя маглі пачуць народныя найгрышы, якія з імпэтам выконваў мясцовы гарманіст Мікола Занудзенка, пачуць прыпеўкі ў выкананні Наталлі Пісаравай. Асабліва ўразіла гледачоў фальклорная сямейна-абрадавая пастаноўка “Адведкі”, якая дэмастравала быт, сямейную абраднасць і мудрасць нашых продкаў, унікальнасць аўтэнтычных спеваў у выкананні ўдзельнікаў пастаноўкі.
Задаволіць інтарэс наведвальнікаў да творчага жыцця клубнай установы, уразіць сваёй разнастайнасцю і дасканаласцю вырабаў здолела і багатая выстава рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На ёй былі прадстаўлены работы клубнага фарміравання па ДПМ і яго кіраўніка Алены Кандраценка.
Як бачым, творчая справаздача Ленінскага СДК прадэманстравала і добрыя дасягненні ў розных відах клубнай работы, і здольнасць узаемадзейнічаць з іншымі ўстановамі і творчымі асобамі з ліку насельніцтва, што з’яўляецца залогам паспяховасці ў працы і яднання грамадства.


Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”