Творчая дэлегацыя Асіповіцкага раёна прынялі ўдзел у IV Форуме беларусаў свету на Байкале
Творчая дэлегацыя Асіповіцкага раёна ў складзе Мікалая і Ірыны Забаўскіх прынялі ўдзел у IV Форуме беларусаў свету на Байкале, які аб'яднаў беларусаў з розных гарадоў Расіі і Беларусі і праходзіў з 7 па 13 жніўня на тэрыторыі Іркуцкай вобласці. Арганізатар гэтага мерапрыемства – РГА “Іркуцкае таварыства беларускай культуры ім. Я. Д. Чэрскага”.
Арганізатары форуму далі магчымасць пазнаёміцца і пасябраваць, абмяняцца вопытам з носьбітамі беларускай традыцыйнай культуры.
На працягу шасці дзён беларусы дзяліліся сваім вопытам і ведамі, натхняліся на актыўную працу па захаванні і развіцці беларускіх традыцый, мовы і культуры.
Форум стартаваў 7-га жніўня фестывалем “Гучы гоман беларускі!”. Пад такой назвай у пасёлку Маладзёжны Іркуцкага раёна прайшло мерапрыемства, прысвечанае нацыянальнай творчасці беларусаў, дзе прысутныя на канцэрце акунуліся ў свет творчасці беларускай і рускай культур.
У рамках форуму адбыліся: канферэнцыя “Праблемы захавання гісторыі – культурнай спадчыны беларусаў. Шляхі вырашэння”; майстэрня па абмене паспяховымі беларускімі практыкамі; прэс-канферэнцыя ўдзельнікаў форуму; майстар-класы па вырабе беларускага касцюма і па вышыўцы.
Удзельнікі форуму наведалі беларускую вёску Тургенеўка, дзе перасяленцы-беларусы кампактна пражываюць да сяго часу.
На ўрачыстым мерапрыемстве сабраліся жыхары Тургенеўкі, госці з Іркуцка, Масквы, Цюмені, Беларусі. Сярод іх былі краязнаўцы, актывісты праекта “Прагулкі па старым Іркуцку”, турысты.
Адбылася цікавая экскурсійная праграма, знаёмства з нацыянальнай Бурацкай культурай (Усць-Ардынскі цэнтр мастацкіх народных промыслаў, Усць-Ардынскі будыйскі дацан, Баяндаеўскі этнаграфічны музей), наведванне музея Лімналагічнага інстытута СА РАН, каменя Чэрскага.
І завершыўся форум 13 жніўня ўдзелам народнага майстра Беларусі Ірыны Забаўскай у VIII Байкальскім міжнародным фестывалі “Карагод рамёстваў на зямлі Іркуцкай” у архітэктурна-этнаграфічным музеі “Тальцы”.
Мікалай Забаўскі, загадчык Вяззеўскага СДК