Творчая прэзентацыя аматарскіх калектываў «Таленты Касцюкоўшчыны» адбылася ў Касцюковіцкім раёне
Калі мы рыхтаваліся да мерапрыемстваў, увесь час дакучала адно пытанне – чаму наша старонка багатая на таленты. І, калі паглыбіцца ў далекае мінулае, стане зразумела, што толькі ад любові да малой радзімы, да родных краявідаў бярэ свае вытокі творчы пачатак Касцюкоўшчына.
19 красавіка 2019 года ў раённым Цэнтры культуры адбыўся канцэрт-прэзентацыя творчых калектываў з найменнем «народны», «узорны». У раёне дзейнічае 25 такіх калектываў. Гэта сваеасаблівыя, яркія ансамблі, асобныя выканаўцы, майстры, рамеснікі.
Прэзентацыя пачалася з кірмашу на вуліцы «Запрашаем на кірмаш». На тэматычных пляцоўках размясціліся: кірмаш-абрад «Гусінае свята» (народны вакальны ансамбль «Белая Дуброва» Беладубраўскага СДК), свята «Ільінскі кірмаш», на якім майстры-рамеснікі праводзілі майстар-класы разьбы па дрэве, лозапляценню, карункапляценню, роспісу па дрэве, кераміцы (удзельнікі народнага клуба майстроў і рамеснікаў «Спадчына» РДР); гучалі народныя і фальклорныя песні ў выкананні народнага ансамбля народнай песні «Сяброўкі» Сялецкаўскага сельскага Дома культуры, танчылі бытавыя танцы. На пляцоўцы дзіцячай школы выяўленчага мастацтва «Вобразы роднага краю» адбыліся інтарактыўныя маляванні на мальберце, дзе навучэнцы школы паказалі свае здольнасці ў стварэнні карцін (узорная студыя выяўленчага мастацтва «Галінка» ДШВМ).
На працягу дня ў файе гучала музыка ў выкананні ўзорнага духавога аркестра «Новае пакаленне» (кіраўнік Іваноў Мікалай Сяргеевіч), а перад пачаткам канцэрта ўсіх вітаў народны інструментальны ансамбль «Касцюковіцкія музыкі».
Мясцовая майстрыца Валянціна Волкава для ўсіх жадаючых правяла майстар-клас па ткацтве беларускіх традыцыйных паясоў, а на сцяне красавалася выстава з карцін, выкананых у тэхніцы баціка. Усіх гасцей свята віталі казачныя лялькі майстрыцы Савінец Тамары Васільеўны: «Гаспадыня Меднай гары», «Усходняя прыгажуня», «Беларуская гаспадыня» і шмат іншых.
Затым на сцэне загучалі песні, танцы і музыка ў выкананні наступных калектываў з найменнем: духавы аркестр РЦК і эстрадны духавы аркестр «Каскад BAND», ВІА «Этыкет», ансамбль народнай песні «Калініца», эстрадная студыя «Шанс», вакальны ансамбль «Альянс», хор работнікаў культуры, вакальны ансамбль работнікаў ЖКХ «Бліскавіца», вакальны ансамбль медыцынскіх работнікаў «Надзея», дзіцячая эстрадная студыя «Д.Т.П.», харэаграфічны калектыў «Мазаіка», хор ветэранаў працы, сямейна-родасны гутр «Радня».
На другі дзень творчага марафону, 20 красавіка, мы накіраваліся ў аграгарадок Муравілле, дзе жыве і працуе ў Доме культуры таленавітая сям’я Кірыенка-Шаханавых. Яны стваральнікі вядомых у нашым раёне, і не толькі, такіх калектываў, як сямейна-родасны гурт «Радня» і дзіцячы ансамбль народнай песні «Муравушка».
Спецыялісты раённага Дома культуры арганізавалі вечарыну, прысвечаную творчай дзейнасці калектыву «Радня». «Радня» – гэта дзве сястры, якія, калісьці па закліку душы, прыйшлі працаваць у сферу культуры і працягнулі традыцыі сваіх бацькоў, якія з самага дзяцінства прыладзілі іх да народнай творчасці.
«Настаўнікамі на той момант былі мой тата – Кірыенка Карп Уладзіміравіч і мая маці – Кірыенка Людміла Іларыёнаўна. Яны заўсёды былі рады таму, што кожны вечар наша хата поўнілася моладдзю і ў ёй гучалі песні, развучвалі інсцэніроўкі, чыталі вершы. Разам з дзяўчатамі мы пашылі сабе адзенне, ўпрыгожылі яго, сплялі вяночкі з каляровай паперы. Гэта і былі нашы канцэртныя касцюмы. Калі мы, ў выніку штоднёвых рэпетыцый, набылі дастатковы рэпертуар, то сталі ладзіць канцэрты не толькі для сваіх жыхароў, але і наведвалі суседнія вёск», – успамінае Наталля.
Першыя гады прафесійнай дзейнасці калектыў аддаваў перавагу народнай песні. Цікава, што дзяўчаты да гэтага часу не страцілі сувязі са старэйшым пакаленнем і, напярэдні мерапрыемтва, завіталі ў госці да носьбіту аўтэнтыкі Аліпчанка Таццяны Аляксандраўны разам з загадчыцай аўтаклуба Марынай Тарасавай. Напачку прафесійнага шляху ў калектыве спявалі ўсе: і брат Уладзімір з сынам, і дочкі – Таццяна і Ліза. Затым, з цягам часу, засталіся толькі дзяўчаты – Наталля, Алена і Ліза. У траіх яны зараз працуюць у доме культуры.
Самым ўдалым праектам за ўсе гады дзейнасці стаў дзіцячы калектыў «Муравушка», які працуе і па сённяшні дзень. Зараз кіраўніком калектыву з’яўляецца Лізавета (дачка Алены), якая вырасла праз гэты калектыў і з цягам часу зрабіла яго больш сучасным, але народная песня засталася асноўнай і нязменнай каштоўнасцю.
На вечарыне мы прыгадалі самыя яркія моманты прафесійнай дзейнасці, а іх было шмат: яркія і запамінальныя калектывы, творы на актуальныя тэмы, ўдзел у розных творчых конкурсах, нават, у творчым тэлепраекце «Песні маёй краіны». Народна-вакальны ансамбль «Весялуха» Тупічынскага сельскага Дома культуры, акрамя песен, выканаў дзве гумарэскі – «Першаклашкі» і «Мазоль», а Алеся Хрыпачова прачытала байку «Вясковая панарама».
У канцы вечарыны, літаратурны гурт «Акрыленне» раённага Цэнтра культуры выканаў невялікую п’есу «Паветра маёй Радзімы», якую Наталля напісала па ўспамінах з дзяцінства, пра той час, калі здарылася Чарнобыльская трагедыя.
Увогуле атрымалася так – сябе паказалі, пра таленвітых людзей пагаварылі і адпачылі душой!
Захарэнка Святлана Мікалаеўна, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна