Творчая прэзентацыя Быхаўскага раёна ў рамках абласнога фестывалю народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”
24 лістапада ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы прайшла творчая прэзентацыя Быхаўскага раёна ў рамках абласнога фестывалю народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”.
Мерапрыемства стала запамінальным і яркім святам, у якім спляліся разам песні, танцы, народныя промыслы, старонкі гісторыі і сучаснае жыццё Быхаўскага раёна.
Творчая прэзентацыя пачалася на вуліцы перад метадычным цэнтрам, дзе ўвагу ўсіх прахожых, а таксама гасцей, якія збіраліся на мерапрыемства, прыцягвалі народны калектыў народнай песні “Дняпроўскія зоры” Цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў і народны ансамбль ветэранаў працы “Гаспадыня” раённага Цэнтра культуры.
Пагаварыўшы з Бадзяковай Ларысай Іванаўнай, кіраўніком народнага калектыву народнай песні “Дняпроўскія зоры”, даведаліся, што калектыў быў створаны ў 1998 годзе на базе былога Дома афіцэраў, а ў 2012 годзе быў перайменаваны ў Цэнтр культуры народнай творчасці і рамёстваў. Хоць і людзі ў калектыве ўсе творчыя, але толькі тры чалавекі – работнікі культуры, а ўсе астатнія гэта людзі, якія проста любяць спяваць песні. Песні спявае калектыў як народныя, фальклорныя, так і папулярныя сучасныя песні. Сама Ларыса Іванаўна падзялілася, што для яе песня гэта ўсё яе жыццё.
Вуліца таксама сустракала прысмакамі націянальнай кухні. А вось у фае метадчнага цэнтра гледачы маглі пазнаёміцца з выставай-прэзентацыяй майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Цэнтра культуры, народнай творчасці і мастацтваў. Апроч майстроў, сваю творчасць ярка і таленавіта прадэманстравала дзіцячая школы мастацкіх рамёстваў.
На выставе былі прадстаўлены розныя тэхнікі народнага мастацтва, такія як роспіс па тканіне, дываны, роспіс па шкле, саломапляценне, кераміка і іншае. Тут шырока былі прадстаўлены знакамітыя быхаўскія саламяныя “павукі”, тэхналогія вырабу якіх уваходзіць у Дзяржаўны спіс аб’ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Сваю творчасць прадставілі члены Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці – Юлія Жалабкевіч, Анжаліка Быстрова, Ірына Кухціна, народны майстар, студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Прызванне”, узорная студыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці “ДАР”, майстры па кераміцы Дзмітрый Цярэшка и Вераніка Цярэшка, майстар роспісу па тканіне Анастасія Шаўцова, майстры народнай творчасці ЦКНТіР г.Быхава Валянціна Сідарэнка і Ірына Фадзеева, унікальныя вышытыя карціны прадставіла майстар па вышыўцы Сцяпанава Людміла Мікалаеўна.
Анастасія Паўлаўна Шаўцова, кіраўнік дзіцячай студыі “Залаты прамень традыцый” расказала, што ў Магілёў прывезлі калекцыю саламяных убораў, саламяных павукоў. Калекцыя касцюмаў уяўляе сабой касцюмы вышываныя саломай, касцюмы з інкрустацыяй саломай, касцюмы з роспісам па тканіне з інкрустацыяй саломы, а ў будучыні плануецца калекцыя касцюмаў з дадаткам керамікі.
“Мы выкарыстоўваем у касцюмах фрагменты саламянага павука, і мы нашымі касцюмамі гаворым, што ў нашай школе адраджаецца саломапляценне, саламяны павук, з гэтым у нас і звязана наша калекцыя”, – расказала Анастасія.
Пасля прывітальнага музычнага выступлення народнага духавога аркестра гасцей свята запрасілі на канцэртную праграму ў канцэртную залу «Магілёў». Тут гледачы разам з артыстамі і творчымі калектывамі здзейснілі цікавае падарожжа па слаўным мясцінам Быхаўшчыны.
Адкрыла першую старонку летапісу жыцця Быхаўскага краю кампазыцыя “Торжество добра” ў выкананні Алены Высачынскай і Дыяны Папковай, навучэнак па класе “Цымбалы” Макранскай дзіцячай школы мастацтваў. На экране у час выканання прагортваліся эпізоды гістарычнага жыцця.
Былі згаданы імёны землякоў, што цаной свайго жыцця здабылі Вялікую перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтаму была прысвечана кампазыцыя “Каждый четвёртый” у выкананні народнага ансамбля выкладчыкаў дзіцячай школы мастацтваў “Ліра”, кіраўнік Людміла Вішнякова.
Наступная старонка летапісу жыцця Быхаўскага краю была прысвечана моладзі. Бо сёлета першы свой працоўны вопыт атрымліваюць у раёне больш за сотню маладых спецыялістаў у розных сферах гаспадаркі. Музычным падарункам “Кто, если не мы” парадавалі вакальны гурт “Фантазёры”, Дома дзіцячай творчасці, кіраўнік Святлана Стэльмах. Танцэвальную кампазыцыю “Сэрца беларуса” падгатовіў харэаграфічны ансамбль “Джэм”, дзіцячай школы мастацтваў, кіраўнік Кацярына Аканава.
Перагортваем яшчэ адну старонку Быхаўшчыны і трапляем на старонку з назвай “Ведай нашых!”. Тут асобныя словы былі прысвечаны заслужанаму майстру спорту Алегу Аляксандравічу Шэпелю. Які ўзнагроджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ордэнам “Дружбы народаў”, медаллю “За трудовую доблесть”, Ганаровымі граматамі Міністэрства спорту і турызма Рэспублікі Беларусь. Алег Аляксандравіч з’яўляецца Ганаровым грамадзянінам Быхаўскага раёна. На яго ліку многа добрых спраў на малой радзіме, такія як адкрыццё памятнай Дошкі загінуўшаму ў баях партызанскаму камандіру Якаву Курпачэнку, а таксама праваслаўнай часоўні для жыхароў роднай вёскі.
Яшчэ асобныя словы былі сказаны ў адрас народнага майстра Беларусі, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, дырэктара Дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў і мастацтваў – Ірыне Генадзьеўне Кухціной. Якая адрадзіла старадаўняе рамяство – выраб саламяных “павукоў”, і якая з’яўляецца носьбітам традыцыі іх збору. Ірына Генадзьеўна ўключана ў склад мастакоў практыкі саломапляцення Магілёўскай вобласці. Узнагароджана Ганаровай граматай нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта Быхаўскага раёна. Прадстаўляла традыцыйную культуру Магілёўшчыны на міжнародных фестывалях народнай творчасці ў Мінску, Віцебску, Дагестане, Арабскіх Эміратах, Тамбове, Яраслаўлі, Самарскай вобласці і многіх іншых гарадоў Расійскай Федэрацыі.
Перегортваецца старонка, на сельскагаспадарчыя святы, дажынкі, свята першай баразны, засеўкі і т.д. Эпізод свята “Багач” паказаў народны тэатральны гурт “Крыніца”, кіраўнік Вольга Власава. Музычную кампазыцыю “Добрым людзям” выканаў народны калектыў “Багатуха”, раённы Цэнтр культуры, кіраўнік Алена Лінкевіч. Ннаступная старонка была прысвечана цікавым творчым калектывам і выканаўцам Быхаўскага краю.
Быхаўшчына, як і ўся Беларусь, з гонарам нясе працоўную эстафету і робіць усё магчымае, каб жыццё ў нашай краіне стала яшчэ лепей. Штодзённа сваімі справамі і ўчынкамі людзі на Быхаўшчыне ўслаўляюць гэтую зямлю, дзе нарадзіліся і выраслі, каб дзеці і ўнукі любілі свой кут і ганарыліся ім, каб кожнаму слаўна жылося і працавалася на Быхаўскай зямлі.
Творчая прэзентацыя праляцела як адно імгненне. Абласны фестываль народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная”, як ніякі іншы, дапамагае ўбачыць, што на Магілёўшчыне талентаў – не злічыць, і нам ёсць чым ганарыцца! Працягам абласнога фестывалю народнай творчасці стане творчая прэзентацыя Клічаўскага раёна.
Агнетов Виктор Ильич, заместитель председателя Быховского районного исполнительного комитета
Кулешова Елена Михайловна, начальник отдела идеологической работы, культуры и по делам молодежи Быховского районного исполнительного комитета
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”