Творчая прэзентацыя Кіраўскага раёна прайшла ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці
Працягам абласнога фестывалю народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” стала творчая прэзентацыя Кіраўскага раёна, якая адбылася сёння, 2 лістапада. Мэтай фестывалю з’яўляецца адлюстраванне поспехаў раёнаў Магілёўшчыны ў розных сферах, папулярызацыя багатай гістарычнай палітры рэгіёна, папулярызацыя культурных, гістарычных, турыстычных брэндаў вобласці.
На пляцоўцы ля ўстановы культуры “Магілеўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” гасцей мерапрыемства сустракалі пачастункамі і песнямі вакальныя ансамблі “Скрыплічаначка” Скрыпліцкага сельскага Дома культуры і “Чараўніцы” Дабаснянскага сельскага Дома культуры.
А пачаставацца можна было стравамі нацыянальнай кухні. Па словах Маславай Ірыны Іванаўны, удзельніцы вакальнага ансамбля “Чараўніцы”, Кіраўскі раён багаты на стравы і рэцэпты.
“Сёння для пачастунку магіляўчан мы прывезлі сыры ўласнага прыгатавання, розную выпечку, шарлотку, дранікі і шмат іншага. Напрыклад, нашыя тварожныя шарыкі, для прыгатавання якіх спатрэбіцца хатні тварог, яйкі, цукар, мука і, канешне галоўны інгрэдыент, добры настрой”, – распавяла Ірына Іванаўна.
Пляцоўку ўпрыгожвалі ручнікі. Паводле слоў Пінчуг Галіны Уладзіміраўны, удзельніцы вакальнага ансамбля “Чараўніцы”, тут былі прадстаўлены ручнікі былой удзельніцы калектыву Міхневай Ганны Уладзіміраўны, а таксама ручнік прабабулі Галіны Уладзіміраўны – Агапы Васільеўны, яна яго называла – ручнік жыцця.
Апроч усяго, на пляцоўцы перад Цэнтрам, размясціліся працы майстра дэкаратыўна-прыкладной творчасці Цвятковай Ганны Рыгораўны, якая робіць майстэрскія рэчы з паперы і пластыка.
Таксама гучала музыка. Творчыя нумары на пацверджанне звання “народны” прадставілі ансамбль народнай песні “Мілавіца” Мышкавіцкага сельскага Дома культуры і фальклорна-этнаграфічны калектыў “Спадчына” Любоніцкага сельскага Дома культуры. Народныя матывы і гучныя спевы калектываў прыцягвалі ўсё больш аматараў народнай творчасці.
Мне ўдалося паразмаўляць з кіраўніком фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Спадчына” Чорнай Валянцінай Мікалаеўнай, якая распавяла, што калектыў існуе з 1984 года і з’яўляеццы адзіным этнаграфічным калектывам у Кіраўскім раёне.
“Для мяне мой калектыў дарагі, таму што кожны з нас добры, кожны з нас любіць народныя песні, бо менавіта праз народную песню ўсе мы выказваем сваю любоў, мы гаруем і радуемся праз песню, праз песню ідзе наша народная творчасць”, – падзялілася Валянціна Мікалаеўна.
На пацверджанне звання “узорны” сваю праграму прадставіла студыя юнага мадэльера “Жамчужына” ГУДА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада Кіраўска”. Захапляючы прысутных вытанчанасцю ўбораў, таленавітыя выхаванкі студыі дэманстравалі новыя калекцыі адзення: “Ванільныя зефіркі”, “Мы маленькія дзеці”, “Натхненне прыроды”, “Не сумуй, усміхніся”.
Акрамя гэтага музычную праграму прадставіў народны духавы аркестр “Фанфары Кіраўска”. У рэпертуары калектыву – музыка розных эпох і стыляў – яна падбіраецца і аранжыруецца нязменным кіраўніком і дырыжорам аркестра Хадаковым Аляксандрам Уладзіміравічам, творчым чалавекам, энтузіястам, глыбока адданым сваёй справе прафесіяналам.
У той жа час у фае Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра кожны жадаючы мог наведаць выставу майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кіраўскага раёна. Ярка і відовішчна прадставіў сваю экспазіцыю раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Відовішчным, маляўнічым і незвычайна прыгожым стаў канцэрт калектываў Кіраўшчыны, які прайшоў у канцэртнай зале. Сярод ганаровых гасцей свята былі Алег Уладзіміравіч Сцельмашок начальнік упраўлення Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, Алег Фёдаравіч Хмялькоў, дырэктар установы культуры “Магілёўскі абласны метадчыны цэнтр народная творчасці і культурная асветнай работы”, прадстаўнікі структур аблвыканкама, Кіраўскага райвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў.
Яскаравым і непаўторным была канцэртная праграм – гэта было сапраўднае свята аматарскай творчасці, дзе была прадстаўлена фальклорная песенная, харэаграфічная і вусная народная творчасць, сучасныя віды аматарскай творчасці.
Працягам абласнога фестывалю народнай творчасці “Беларусь родная, музычная, народная” стане творчая прэзентацыя Быхаўскага раёна, якая адбудзецца 10 лістапада.
Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”