Творчы марафон “Адраджэнне” на Магілёўскай зямлі
На мерапрыемстве прысутнічалі: памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Г. М. Лаўрынкоў; старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў А. М. Ісачанка; старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па эканоміцы, бюджэце і фінансам Ул. І. Панцюхоў; дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т. П. Кананчук; старшыня Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта І. В. Балахонаў; старшыня Магілёўскага абласнога Савета ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войск, палкоўнік міліцыі ў запасе Я.Я. Кавалёнак; дэлегацыі Быхаўскага, Касцюковіцкага, Чэрыкаўскага, Слаўгарадскага раёнаў, жыхары Краснапольскага раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
У гэты дзень адбылося ўскладанне кветак да помніка адселеным вёскам, наведванне выстаўкі арганізацый і прадпрыемстваў Краснапольскага раёна, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў культуры і адукацыі (падворкі), экскурсія па экспазіцыям гісторыка-этнаграфічнага музея.
Сцэнарый заключнага мерапрыемства абласной акцыі, распрацаваны галоўным рэжысёрам УК “МАМЦНТіКАР” Н.Л.Маісеевай, пачаўся мізансцэнай “Балючая памяць Беларусі” і вакальна-харэаграфічнай кампазіцыяй “Чарнобыль”, якія дазволілі прысутным адчуць боль чорнай даты. Сімвалічная мізансцэна “Званы памяці нашай”, прысвечаная выселеным вёскам, абудзіла ў памяці іх назвы: Наваельня, Высокі Борак, Завадок, Беразякі – у Краснапольскім раёне; Вётухна, Самацевічы, Вялікі Бор, Дзяражня – у Касцюковіцкім; Малінаўка, Чудзяны, Ушакі – у Чэрыкаўскім, Кульшычы, Старынка – у Слаўгарадскім і шмат яшчэ якіх па Магілёўшчыне.
Але час нястомна бяжыць. Чарнобыльская трагедыя не зламала людзей. Яны працягваюць жыць, збіраць ураджай, гадаваць дзяцей. Жыццё працягваецца.
Наступная частка творчага марафона “Адраджэнне” якраз і сцвярджала гэту думку – на сцэнічнай пляцоўцы Краснапольшчыны прафесійныя і аматарскія калектывы і артысты вобласці дарылі сваю творчасць жыхарам і гасцям мерапрыемства.
Творчыя калажы і кампазіцыі: “Натхненне любоўю да роднага краю”, “Добрага здароўя”, “Жыві ў шчасці, зямля продкаў і нашчадкаў” былі напоўнены ідэяй адраджэння пасля Чарнобыльскай бяды. У іх прынялі ўдзел творчыя калектывы раёнаў, якія адчулі наступствы аварыі, але не страцілі веры ў жыццё і ўменне натхнёна святкаваць.
Мы жыццёвага часу дарэмна не трацім,
І не толькі багатыя ўмельцамі працы.
Адпачыць, гэтаксама, умеем з ахвотай,
Бо не мае душа беларусаў ляноты.
А яшчэ я дадам, што калі заспяваем –
Доўга-доўга гучыць наша песня над гаем.
І сягоння – каб жыць нам заўжды ў дабрабыце –
Гэты спеўны ад нас падарунак прыміце, – гэтыя словы запрасілі прысутных спяваць разам добра знаёмыя і любімыя песні з артыстамі творчага марафона “Адраджэнне”.
У песні, у свяце, у жыце, у траве, у буслянцы – жыве Беларусь! Непаўторным абрусам квітнее зямля нашых продкаў – Магілёўшчына! Няхай яна будзе і зямлёй нашых нашчадкаў.
Марчанка В.А., метадыст Краснапольскага РЦК