“Тыдзень гулялі, Масленку спраўлялі!”: масленічныя гулянні прайшлі ў Касцюковічах
Адметнай асаблівасцю святкавання Масленіцы ў Касцюковічах у гэтым годзе стала канцэртная праграма з элементамі тэатралізацыі, удзел у якой прынялі калектывы мастацкай самадзейнасці шасці сельскіх устаноў культуры. Задалі тэмп і абазначылі асноўную тэматыку выступу калектываў работнікі раённага Цэнтру культуры. Акрамя традыцыйных персанажаў масленічных дзеянняў – Вясны, Зімы, Скамарохаў, Масленіцы – на сцэну выходзілі ўводныя персанажы, такія, як героі мультыплікацыйнага фільму “Маша і Мядзведзь”. Галоўнай задачай было разбудзіць мядзведзя, бо, па старадаўнім павер’і, вясна знойдзе да нас дарогу толькі тады, калі першы мядзведзь выйдзе з бярлогі. Таму Машанька не толькі павесяліла гледачоў, але і паведаміла шмат чаго цікавага пра народны абрад. Потым эстафету перанялі сельскія калектывы. У кожнага была свая задача. Трэба было абыграць традыцыйныя дзеянні кожнага з шасці дзён Масленіцы. Фантазіі артыстаў не было мяжы. Адметнай рысай кожнага выступлення было выкарыстанне абрадавых дзеянняў, уласцівых менавіта іх мясцовасці. Тры гадзіны не змаўкалі песні, не спыняліся скокі. Такім чынам і разбудзілі Мядзведзя, а разам з ім і Вясна прыйшла.
Дружнай шумнай чарадой накіраваліся ўсе да вялікага вогнішча, дзе пад масленічныя песні было спалена пудзіла Зімы.
Наталля Дробышава, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна.
Фота Людмілы Смаляковай, фотакарэспандэнта раённай газеты “Голас Касцюкоўшчыны”.