У аграгарадку Добрая Горацкага раёна правялі калядны абыходны абрад
Па народнай традыцыі ўвечары 13 студзеня святкуюць другую Багатую, Мясную або Шчодрую. У гэты вечар было прынята накрываць багаты стол, які павінен быў забяспечыць прыбытак у сям’і на працягу ўсяго года. А таксама ў гэты вечар распачыналася шчадраванне. Калядоўшчыкі ішлі ад хаты да хаты, віншавалі гаспадароў са святам, жадалі здароўя, сямейнага дабрабыту, добрага ўраджаю.
У аграгарадку Добрая Горацкага раёна калядны абыходны абрад праводзіцца і па сённяшні дзень. Педагог дзіцячай школы мастацтваў Осіпава Вольга Георгіеўна, а па сумяшчальніцтву мастацкі кіраўнік Добраўскага сельсага Дома культуры, на працягу шмат год намагаецца захаваць гэтую традыцыю і перадаць яе падрастаючаму пакаленню. Калядаванне ў Добрай адбываецца з удзелам традыцыйных маскіраваных персанажаў — «казы», «мядзведзя» з дзедам-павадыром, «каня» з цыганкай, зорканошы і інш.
Вось і гэтым годзе, 13 снежня, мясцовыя гаспадары і гаспадыні з радасцю сустракалі ражаных, слухалі калядныя песні, прымалі шчырыя пажаданні і шчодра іх частавалі пірагамі, блінамі, каўбасамі. Бо здаўна лічылася, што сардэчны прыём калядоўшчыкаў – залог шчасця і дабрабыту сям'і на працягу ўсяго года.
Алена Еленева, педагог ГУО “Ленінская ДШМіМР Горацкага раёна”