У Асіповічах прайшоў агляд-конкурс дзіцячых творчых калектываў і выканаўцаў «Хваля збірае сяброў»
Гаспадары свята, удзельнікі ўзорнай эстраднай студыі “Хваля” Вяззеўскага сельскага Дома культуры, гасцінна прынялі 112 юных талентаў з розных куточкаў нашага раёна. Дзеці прыехалі з горада Асіповічы, аграгарадкоў Пратасевічы, Карытнае, Ліпень, Жорнаўка.
Юным выканаўцам далі магчымасць паказаць, наколькі яркімі і шчырымі могуць быць хлопчыкі і дзяўчынкі ў сваім непераадольным жаданні падабацца дарослым, захапляць, здзіўляць, зачароўваць. Ніводны глядач не мог застацца абыякавым да старанняў юных артыстаў — спевакоў, танцораў, музыкаў, акцёраў. Нельга было не заўважыць, як яны хваляваліся, як радаваліся кожнай усмешцы сваіх удзячных гледачоў, кожнаму ўсплеску іх шчодрых апладысментаў. І, разам з тым, намагаліся трымацца на сцэне ўпэўнена, як сапраўдныя артысты.
Арыгінальныя касцюмы, цікавыя пастаноўкі, вершы, песні — усё было прыгожа і на высокім мастацкім ўзроўні. І гледзячы на гэтыя шчаслівыя твары, на гарэзлівае зіхаценне дзіцячых вачэй, можна было ўпэўніцца: стараліся недарма — стварылі сапраўднае свята і для сябе, і для тых, хто хваляваўся за маленькіх артыстаў у зале.
Мікалай Забаўскі, дырэктар Вяззеўскага СДК.