У Асіповіцкім раене прайшоў фестываль-кірмаш «Дажынкі»
Вынікі жніва падвялі на Асіповіччыне падчас раённага фестываля-кірмашу «Дажынкі».
Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да знакавай падзеі ў працоўным календары хлебаробаў, прайшло ў адным з самых старэйшых населеных пунктаў раёна – Свіслачы. Выбар месца невыпадковы: гэта паселішча мае багатую гісторыю, тут знаходзіцца лепшая гаспадарка раёна – філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”.
Распачаўся фэст тэматычнай харэаграфічнай замалёўкай. Словы шчырай падзякі гучалі ў адрас тых, хто самаадданай працай зрабіў унёсак у рэспубліканскі каравай. Хвалюючым момантам стала ўручэнне караваяў кіраўнікам гаспадарак і галоўнага дажыначнага каравая старшыні райвыканкама Паўлу Налівайка. Традыцыйна добрым памочнікам у сельгаспрадпрыемствах сёлета была вучнёўская моладзь. За актыўны ўдзел у рабоце студатрадаў лепшыя былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.
Свята атрымалася на славу! На сцэне святочны настрой стваралі вядомыя і любімыя землякамі творчыя калектывы: народны ансамбль народнай песні “Вязанка” Вяззеўскага сельскага Дома культуры, народныя ансамблі народнай песні і музыкі “Люлечка” і “Дзівакі” раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, народны ансамбль народнай песні і музыкі “Сузор’е” Пратасевіцкага сельскага Дома культуры, народны ансамбль народнай песні “Вечарынка” Ялізаўскага Дома культуры і іншыя.
Наведвальнікі свята маглі набыць сувенірную прадукцыю майстроў і народных умельцаў раёна. Гасцей запрашалі з густам аформленыя падворкі ўстаноў культуры: “Свіслацкі кірмаш”, “Красненскі курань”, “Вязаўніцкі закуток”. Тэматычную выставу літаратуры падрыхтавалі супрацоўнікі Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Асіповіцкага раёна. Узорны лялечны тэатр “Ялінка” Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі і народны тэатр “Надежда” раённага Цэнтра культуры і вольнага часу запрашалі гасцей на конкурсна-гульнявыя праграмы. Вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Малочны полюс” наладзіла продаж і дэгустацыю сваей прадукцыі. Раённая газета “Асіповіцкі край” для сваіх падпісчыкаў правяла акцыю з уручэннем галоўнага прыза, шмат каму пашчасціла і ў бяспройгрышнай латарэі. Самыя смелыя ўдзельнікі кірмашу скарысталі шанец палюбавацца свіслацкім наваколлем з вышыні птушынага палёту, такую магчымасць прадаставіў Бабруйскі аэраклуб ДТСААФ.
Завершыўся раённы фестываль-кірмаш “Дажынкі-2017” выступленнем народнага духавога аркестра раённага Цэнтра культуры і вольнага часу, пад музыку якога з задавальненнем танцавалі і дарослыя, і дзеці.