У Быхаўскім раёне працягваецца раённы агляд-конкурс музейных куткоў і пакояў, створаных пры ўстановах культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”
31 сакавіка быў наведаны музейны пакой, створаны ў Цэнтры культуры, народнай творчасці і рамёстваў. У музейным пакоі створаны ўсе ўмовы для фарміравання ў наведвальнікаў ведаў аб беларускай народнай культуры. Паспяхова тут акрамя тэматычных экскурсій праводзяцца майстар-класы, а таксама фальклорныя праграмы. У музейным пакоі прадстаўлены экспанаты, сабраныя падчас экспедыцыйнай дзейнасці па Быхаўскаму раёну.
Асабное месца ў пакоі займае куток, які адведзены лазапляценню, большая частка гэтых вырабаў зроблена майстрамі быхаўшчыны ў сучасны час. Ёсць у пакоі прылады працы, сярод якіх нават не зусім нам знаёмыя. Напрыклад, я ўпершыню даведалася, што Кіянка – гэта сталярны інструмент, з дапамогай якога канапацілі зрубы дамоў.
Чырвоны кут быў самым важным вуглом у кожнай хаце. У чырвоным куце знаходзяцца хатнія абарэгі, сярод якіх саламяны павук, лялькі-матанкі, галінкі вярбы, і дажынкавы сноп “Багач”, які заставаўся пасля ўборкі зернавых.
У музейным пакоі стаіць некалькі куфраў, у якіх захавана аддзенне. У калекцыі музейнага пакоя знаходзіцца калекцыя ручнікоў, пра кожны з якіх нам расказалі з вялікім захапленнем. Зараз гэтыя ручнікі пастаянна дэманструюцца на выставах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вялікая павага надаецца захаваным тут паясам.
Святлана Саламевіч, загадчык ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Быхаўскага раёна”