У Быхаўскім раёне прайшло свята «Камаедзіца»
Сёлета ў Быхаўскім раёне стартаваў праект «Карункі роднага края». Гэта значыць, што кожная сельская клубная ўстанова аграгарадка не толькі рыхтуе абрад ці свята традыцыйнай культуры, але як мага больш далучае да ўдзелу ў ім мясцовых жыхароў.
Доказ таму, што насельніцтву падабаюцца такія мерапрыемствы – татэмнае свята «Камаедзіца», якое 8 красавіка адбылося ў пасёлку Гадылёва. Трэба сказаць, што свята продкаў «Камаедзіца» заўжды адбывалася напярэдадні «Дабравешчання», яно ўслаўляла жывёлу, асабліва пакланяліся мядзведзю, бо прашчуры-беларусы лічылі, быццам бы род наш пайшоў ад мядзведзя і ставіліся да яго, як да паважанага родзіча.
Кожны змог пачаставацца любімымі стравамі мядзведзя: мёдам, блінамі з мёдам і малінавым варэннем, аўсяным кісялём, сушаным рэпнікам і гарохавымі камамі. Свята стала доказам таго, што нашы продкі жылі ў гармоніі з прыродай і жывёльным светам. А нам патрэбна захоўваць гэтыя абрады, звычаі, святы і перадаваць нашчадкам.
У свяце прынялі ўдзел народны фальклорны калектыў «Багатуха» Быхаўскага РЦК, калектыў мастацкай самадзейнасці Гадылёўскага СДК, мастацкі кіраўнік Чырвонаслабодскага СДК Галіна Асіпёнак і дырэктар Вараніноўскага СДК Людзміла Шакалава.
Святлана Саламевіч, загадчык метадычнага аддзела раённага Цэнтра культуры ДУК «ЦКС Быхаўскага раёна»