У Чэрыкаўскім раёне адбылася літаратурная гадзіна прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна

22 студзеня ў Рэчыцкім сельскім Цэнтры культуры адбылася літаратурная гадзіна “Іван Шамякін – чалавек-эпоха”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна, аднаго з самых выдатных і вядомых пісьменнікаў Беларусі. Мерапрыемства было арганізавана сумесна спецыялістамі Цэнтра культуры Анжалікай Рудзікавай, Аксанай Кірэенка, Наталляй Купрэевай і бібліятэкарам сельскай бібліятэкі Ларысай Хайчанка.
Івана Пятровіча Шамякіна называюць мастацкім летапісцам нашай сучаснасці. Ён належыць да тых пісьменнікаў, якія адлюстроўвалі і асэнсоўвалі надзённыя праблемы жыцця грамадства. Ён прыйшоў у літаратуру як аўтар твораў на тэму Вялікай Айчыннай вайны, але хутка адкрылася, што сучаснасць – яго асаблівы мастацкі запал. Творчасць пісьменніка – дакладнае люстэрка бягучай плыні чалавечага быцця з яго яшчэ не ўстаялымі, не завершанымі працэсамі, дзе так шмат значаць воля чалавека, яго імкненні, талент і працаздольнасць. Героі I. Шамякіна – блізкія і зразумелыя чытачу людзі.
На мерапрыемства былі запрошаны ўдзельнікі клуба аматараў сучаснай песні “Журавушка”. У пачатку літаратурнай гадзіны перад прысутнымі выступіла старшыня Рэчыцкага сельскага Савета Надзея Зуева, якая выказала словы падзякі ў адрас арганізатараў. У сваім выступе яна адзначыла пра важнасць правядзення падобнага роду мерапрыемстваў, якія знаёмяць з творчасцю выдатных пісьменнікаў, паэтаў, але і з’яўляюцца выдатнай формай арганізацыі вольнага часу насельніцтва аграгарадка, падчас якой у жыхароў маецца магчымасць сустрэцца, атрымаць карысную інфармацыю, абмяняцца вопытам.
Аб дзейнасці цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі распавядала дырэктар дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Чэрыкаўскага раёна” Тамара Галюта. Падчас выступу яна праінфармавала прысутных аб рэалізацыі на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі праекта “Духоўная азбука бібліятэкі”, у рамках якога ажыццяўляецца арганізацыя сустрэч насельніцтва з прадстаўнікамі царквы, дзе вядуцца гутаркі духоўна-маральнай тэматыкі, а таксама арганізуюцца паездкі да святых месцаў Магілёўскай вобласці. Так у рамках праекта жадаючыя змаглі наведаць Свята-Мікольскі жаночы манастыр у г.Магілёве і Пустынскі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр, Аляксандра-Неўскі сабор у г. Мсціславе, музей архіепіскапа Георгія Каніскага. Карыстаючыся выпадкам Тамара Георгіеўна паведаміла слухачам аб дзейнасці літаратурнага аб’яднання “Спадчына”, кіраўніком якога з’яўляецца Святлана Калілец. Асаблівую ўвагу яна звярнула на падтрымку літаратурнай, паэтычнай творчасці насельніцтва, якая ажыццяўляецца ў рамках дадзенага фарміравання. Яна заключаецца ў стварэнні творчых зборнікаў, спрыянні ў размяшчэнні твораў на старонках раённай газеты “Веснік Чэрыкаўшчыны”, правядзенні літаратурных сустрэч, вечароў-партрэтаў. У ходзе мерапрыемства былі прадэманстраваны ўдзельнікам зборнікі твораў паэтаў Чэрыкаўшчыны, выдадзеныя ў рамках літаратурнага аб’яднання. Гэта зборнікі вершаў “Прыгажосць душы” Валянціны Барздовай, “Вясна мне надзею дала” Святланы Пухоўскай, “Я прыйшла паўтарыць словы” Лары Сямёнавай, “Паэзія душы” Ніны Лазарэнка, “Я шчаслівая дзяўчына” Людмілы Старавойтавай, якая дарэчы з’яўляецца жыхаркай аграгарадка “Рэчыца”, лірычны дзённік “Я пісаць буду толькі каханай” Аляксея Жолудзева. Таксама Тамара Георгіеўна выказала просьбу для тых, хто піша вершы або празаічныя творы не трымаць іх дома, а звяртацца да бібліятэкара сельскай бібліятэкі альбо у раённую бібліятэку з мэтай знаемства з творамі і іх папулярызацыі.
Пасля выступлення гасцей мерапрыемства бібліятэкар Рэчыцкай сельскай бібліятэкі Ларыса Хайчанка прадставіла гледачам прэзентацыю “Іван Шамякін. Летапісец эпохі”, якая распавядала аб жыццёвым і творчым шляху пісьменніка, раскрыла асноўныя кірункі яго творчасці. Затым была прадстаўлена выстава твораў пісьменніка з фондаў сельскай і раённай бібліятэк. Увазе наведвальнікаў прапанаваны творы розных гадоў выдання. Дэманстраваліся як асобныя выданні, так і зборы твораў на беларускай і рускай мовах. Такія шырока вядомыя эпічныя палотны пісьменніка, як “Глыбокая плынь”, “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Трывожнае шчасце”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль”, “Пошукі прытулку”, “Злая зорка”, а таксама бібліяграфічныя выданні “Іван Шамякін: вядомы і невядомы”, “Іван Шамякін. Летапісец эпохі: успаміны, інтэрв’ю, эсэ” і іншыя. Ларыса Уладзіміраўна правяла цікавы агляд дадзенай літаратуры.
Акрамя таго, да мерапрыемства была аформлена выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Мой родны кут”, на якой былі прадстаўлены работы, вырабленыя з так званай папяровай лазы, удзельніцамі аматарскага аб’яднання “Сяброўкі” пад кіраўніцтвам Анжалікі Рудзікавай і Наталлі Купрэевай. Акрамя малых формаў Анжаліка Аляксандраўна з удзельнікамі вырабляюць аб’ёмныя работы. Так на выставе былі прадстаўлены вырабы, якія прама адлюстроўваюць сельскі побыт: вясковы дом, калодзеж, свіран, млын, трактар, камбайн, якія вельмі ўразілі наведвальнікаў. Завяршылася мерапрыемства чаяваннем з цудоўнымі яблычнымі пірагамі, якія прыгатавала загадчык Рэчыцкага сельскага Цэнтра культуры Анжаліка Рудзікава.



Аксана Аляксеева, метадыст ІМА ДУК «Цэнтралізованая клубная сістэма Чэрыкаўскага раёна»