У Дрыбіне прайшоў конкурс у межах кінасвята «Жар-Птушка»
«Жар-птушка» ў Дрыбіне ўжо стала традыцыйным мерапрыемствам - праводзіцца трэці год запар у раённым Цэнтры культуры. Гэта конкурс, удзельнікі якога (дзеці ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў) прадстаўляюць на суд журы свае маленькія шэдэўры: розныя вырабы і малюнкі па матывах мультыплікацыйных фільмаў, фатаграфіі, на якіх адлюстраваны дарагія сэрцу куткі роднага краю, самастойна знятыя відэаролікі, героямі якіх з'яўляюцца сваякі, аднакласнікі, жывёлы, птушкі і г.д. Усё, што атрымалася, можна ўбачыць на выставе ў фае РЦК або на вялікім экране ў актавай зале.
Пераможцаў конкурсу чакалі каштоўныя прызы, а тых, хто зазірнуў на свята ў якасці гледача - зарад пазітыву і добры настрой, бо работнікі раённага Цэнтра культуры, клубнай сістэмы раёна кожны раз распрацоўваюць для школьнікаў цікавую праграму - тэатралізаваную, гульнёвую і анімацыйную. Павесяліцца можна ад душы!
Узнагароды ўдзельнікам ўручала старшыня журы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Мікалаеўна Рабкавец.
Н.А. Шуткова, метадыст Дрыбінскага РЦК