У дзень святкавання Дня Незалежнасці Беларусі ў Краснаполлі працавалі выстаўкі і творчыя пляцоўкі
У день святкавання Дня Незалежнасці Беларусі кожны імкнуўся не толькі далучыцца да агульнай радасці, але і ўнесці ў гэты дзень нешта сваё, расквеціць яго рознымі колерамі, фарбамі, імгненнямі, справамі.
У гарадскім скверы г.п. Краснаполля 3 ліпеня аматары творчасці і народнай спадчыны маглі задаволіць свае інтарэсы праз наведванне выставак і творчых пляцовак. Ад дзяржаўнай установы культуры «Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна» былі прадстаўлены выстаўка вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і рамёстваў, якую прадставіў РДР, і творчая пляцоўка «Гульні продкаў» раённага цэнтра культуры, арганізаваная метадыстам па традыцыйнай культуры В.А. Марчанка.
Пляцоўка «Гульні продкаў» была аформлена ў выглядзе вясковай хаты, аздобленай ручнікамі, ходнікамі, прадметамі сялянскага інтэр’еру і прыладамі быта, сабранымі на Краснапольшчыне ў ходзе экспедыцый. На гэтай пляцоўцы можна было і пажартаваць, і ў гульні продкаў пагуляць. А такіх гульняў было прапанавана нямала: «Лапці», «Ішла вулачкай», «Каруселі», «Зайчык», «Бліны», «Цяцёрка», «Барыня з платочкам», «Бульба» і іншыя. Гэтыя гульні таксама былі сабраны клубнымі работнікамі і метадыстам РЦК ад жывых носьбітаў фальклору.
Многія з сельскіх клубных работнікаў з задавальненнем прынялі ўдзел у рабоце пляцоўкі. А яе наведвальнікамі сталі і дарослыя, і дзеці райцэнтра. Яны з задавальненнем танчылі, гулялі, фатаграфаваліся ў прыгожым сялянскім інтэр’еры і атрымлівалі прызы і падарункі ў выглядзе народных лялек-абярэгаў. Тут жа можна было паспрабаваць сябе ў ігры на шумавых інструментах, палюбавацца выстаўкай ДПМ, пераняць жартоўныя прыпеўкі ад В.І. Гомаравай, паспяваць разам народныя песні і нават пачаставацца народнымі стравамі ад Р.Я. Падабед.
Вясёлыя найгрышы і народныя танцавальныя мелодыі заўзятага гарманіста В.М. Саранкова не дазвалялі стаяць, пад іх хацелася танчыць і спяваць. Работа творчай пляцоўкі «Гульні продкаў» яшчэ раз упэўніла, што фальклорная спадчына продкаў – жывучая і вечная.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК Краснапольскага раёна