У фальклорным жыццявіры
Клубныя ўстановы ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” ў рамках арт-праекта “Фальклорны жыццявір” на працягу лістапада прымуць удзел у конкурсных паказах творчых праграм па зберажэнню і папулярызацыі фальклорна-этнаграфічнай спадчыны.
10 лістапада клубныя работнікі сельскага Дома культуры ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” пазнаёміліся з вопытам работы Тур’яўскога і Халмянскага СДК.
Установы запрасілі калег у этнахаткі на праграмы, разлічаныя на дзіцячую аўдыторыю. Яны знаёмілі з народнымі рамёствамі, майстрамі, з этнаграфічным багаццем і фальклорам вёсак.
Да ўдзелу былі запрошаны майстры вёскі і носьбіты фальклору. Зачаравала слухачоў аўтэнтычная песня “Як пайду я ў лес па дровы” ў выкананні Саранковай В. Д. з в. Турья, здзівілі ўмельства вышывальніцы Мельнікавай В. М. з вёскі Малюшына і Казута З. І. з в. Турья, якая займаецца вязаннем на спіцах. Зачароўвалі рознакаляровыя вышыўкі і багатая песенная палітра носьбіта фальклору з в. Халмы Фяськовай Т. Л.
Праграма Тур’яўскога СДК была інфармацыйнай, насычана рознымі жанрамі фальклору – прыказкамі, загадкамі, фальклорнымі песнямі, дэманстраваліся этнаграфічныя зборы і рамесныя працэсы. Разнастайнымі былі і выкарыстаныя формы і метады – паведамленне, паказ, дэманстрацыя, гутарка, жывое выкананне, інтэрактыў. Была праведзена і экскурсія, якая знаёміла калег з экспазіцыямі музейнага пакойчыка гэтай установы.
Адным словам, было чаму павучыцца і здзівіцца і гледачам, і спецыялістам клубных устаноў. Дарэчы, апошнія з’яўляліся адначасова і членамі журы, па выніках прагляду яны аналізавалі праграмы і запаўнялі карткі адпаведна крытэрыям ацэнкі: змястоўнасць і якасць, жанравая разнастайнасць і разнастайнасць форм работы, захаванне мясцовых традыцый і творчы падыход.
17 лістапада вопыт работы прадставяць Ленінскі і Горскі сельскія Дамы рамёстваў.
Валянціна Марчанка, метадыст РЦК ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна”